Увага! Поўны змест
Аж стогне сяло, аж ваўкі ў лесе выюць, пудзяцца, дзівяцца, ажно птушкі на ноч цёмную супакоіцца не могуць — так гуляюць вяселейка людзі добрыя.
Ідуць скокі за скокамі. Пяюць свашкі песні вясельныя, шчырыя — бы сама старына. Водзяць танок маладыя гуляннікі. Паддае музыка жалю і адвагі, і сумнасці і бадзёрасці. Рвецца сэрца чагось. Думы лятуць дзіўныя.
Гуляюць хлопцы і дзеўкі, дзяды і бабы, а не рана ўжо, цямнее надвор’е, змрочыць на небе — цёмная ноч на зямельку ідзе.
Завылі сабакі жаласна за сялібамі, гаркнуць нівесь у які бок, немаведама на каго, ды шмоўк! — у пуню з гаркатаннем хаваюцца ці бягуць туды, дзе больш людзей.
Кудкудахаюць курухны на курасадні на седалах — ці не чуюць што ды нядобрае?
А сонейка нізенька-нізенька. Вось зойдзе, закоціцца яно за Цёмны Лес, за буйны бор і за ціхі гай, і будзе ноч. I сунецца ночухна нейкая несупакойная, трывожная…
— Ходзіць нешта нявідзімае па зямлі, за гумнамі, за людскімі лазнямі,— кажа старая бабуля. — Пахаваюцца лісічкі ў пячуры свае, ваўкі ў ямы свае ваўчыныя, мядзведзі — ў логавы, а людзюхны ў хаты прытульныя…
— Не кажы ты, бабка, не кажы ты, любка, страшна мне, — жаліцца маладуха-свашачка; — і трэба ж нам, трэба дамоў ехаці праз такую ночачку…
Так жаліцца-сумуе маладуха-свашачка. Годзе ўжо і песні пяяць вясельныя. Не да гуляння тут, не да вяселля таго…
* * *
А брэшуць, выюць сабакі. І каровы з поля йдуць — вядзе перад чорная. Дый не ўсе каровачкі дамоў ідуць: пазасталіся ў пушчы на гэткую-то ноч.
Закацілася чырвонае сонейка.
— Дж!.. Дж!.. — жук загудзеў.
На захадзе хмара чорная, незвычайная, павісла, вісіць, узнімаецца…
— Tpy-ry-ry-y-y! — гудзіць па лясах, па махах, па багнах нявыхаджаных труба берасцяная. Кліча, гукае жывёлін з лесу — толькі жудасці паддае.
I адразу пачулі ўсе, што па дарозе ідуць, па шляху, з-пад гайка, за сялібамі, ідуць і песню пяюць, нібы старцы якія, нібы гулякі заядлыя, безгаловыя. Лipa чутна старэцкая і псалом старадаўні…
Усякія бываюць старцы… Можа, то й не старцы, а старцамі йдуць.
* * *
Паціхеньку бяжыць конік вараненькі, палягеньку, у цямноце ляпаюць калёсы па карчах, што распаўзліся вужакамі па дарозе ад дрэў. Прахалодай начавою прыемна абвявае галовы пасля хмелю-віна. У вушах дрынчыць яшчэ музыка, вясёлыя галасы гамоняць у вушах.
Яшчэ не пакінуў ціснуць сэрца маладой свашачцы той трывожлівы страх, ды пасля тлуму вялікага так прыемна дрэміцца. Сціхамірылася маладуха маладая…
І ўжо цвітуць ёй краскі ў лузе, паволі калышуцца. Стракочуць стрыкацікі. Ля арэхавых кустоў суніцамі і грыбамі пахне. Вясёла наўкола!..
I разам смутна. Хата… Штось нядобрае робіцца там. Стары памірае… Квохча старая, слёзы як боб сыплюцца. Засмучоны стаіць збоку сын. Моўчкі абцірае слёзы збялелая нявестка. Памірае дзед… I трапіла кананне пад тую ночку, несупакойную. Не дарма тое, ой не дарма!
Сумна ў хаце…
— Галубок, даражэнькі мой! — просіць старая старога свайго, неўкавырлівага: — прывязём папа, спавядайся ты…
— На ліхую гадзіну мне папа твайго! — во як ён адказ дае.
— Гаў-у-у!..— З трывогаю вые бедны сабака ў пуньцы сваёй на падворку. Выбежыць і зямлю драпае — смергухну чуе. Пад самым-саманькім акном. А вые — аж кроў у жылах стыгне.
Ляжыць стары на лаве, ад святых абразоў вернецца. Счарнеў, як смоўж. І зубамі скрыгоча ад цярпення перадсмяротнага. Людскія слёзы яму адрыгаюцца.
Надойдзе часіна, і з’явяцца нячысцікі са сваімі відэльцамі па душу бязбожную.
— Ратуйце! Ратуйце! — кліча смяротнік. — Нясеце з хаты абразы, — кажа ён бабе сваёй, — а то я памерці не магу.
— Што ты, што ты задумаў, стары?! — застагнала яна, непрытомная. —Дзе душа твая дзенедца, ці падумаў ты?! — і пачала паклоны біць.
Як шалёны, як неўспадзеўкі падпечаны, ускочыў з лаўкі страшны кананік. Кінуўся пад абразы і схапіў сярэдні абраз — госпада Саваофа. У адзін мах ірвануў і падняў над галавою высока…
Сунулася на зямлю старая, збялеўшы, як папера, і нямеючы ад страхоцця чартоўскага.
— Гру-ру-ру! — загрукатала ўвушшу, быццам груд камення вялікага з гары пасыпаўся…
Прачнулася маладуха — так трахнула калёсы аб корч. З лесу выязджалі. Халадком прыемна абвявала.
I не магла ўздумаць маладуха, што ёй такое снілася, чаго млее душа. Нейкія ніткі таёмныя парваліся — парваліся ці схаваліся…
— I я быў задрамаў, — муж сказаў. — І спіліся мне тыя старцы ўсё, што на вяселле заходзілі. Прыдасца ж ліха. Нібы то ліра йграла — аж то кола скрыгала: сухлявыя грыбы на падмазку ўчора трапіліся.
Млела душа. Ранне. Святлее. У галаве хмель-віно сціхае. Цёмны Лес, нямы асілак, сцяною зубчастаю адзаду стаіць.