Вёска.
Золак.
Зор скупая жменька.
Сама раз турботы пачынаць.
Анікім-кагенька, анічым-чагенька,
Не чутно ні вераб’я, ні певуна.
Можа, пад нядзельку позна спаць палеглі,
Ціха і ў суседзяў на двары.
Дзе ж ты, дзядзька Лаўрык, дзе ж вы, цётка Тэкля?
Было ўсюды поўна вас аб той пары.
Дзверы незамкнуты. Выйшлі ненадоўга:
Можа, дзе бяруць баравікі,
Ці каровы пасвіць выпала радоўка,
Ці ў царкву на споведзь клікнулі грахі?
Пэўна, заблудзіў я, не туды прыехаў, –
Мне павінен ціўкнуць голас хоць адзін…
З вокнаў хат гарбатых вецер гоніць рэха
Пад крыжы.
За вёску.
З палыну ў палын.
Крыніца: Прайсці праз зону. Кн. 2. Проза, паэзія, публіцыстыка / Уклад. І. Бутовіч; Маст. В. Шкаруба. Мн.: Маст. літ., 2001. – 558 с.