Павінны ведаць вы, сябры,
Што вельмі крыўдзяцца вятры,
Калі сказаць, што ў свеце
Адзін існуе вецер,
Усходні ці заходні,
Лагодны ці халодны.
Калі дыхне мядком з садоў,
Павее квеценню з лугоў,
Дык ведай: там ад рання
На працу стаў Мядзвянік.
Ён знае абавязак свой,
Нясе пылок ад хвой да хвой,
З расліны на расліну,
З травіны на травіну,
Каб завязалі завязь
Антонаўка і вішня.
Калі ж сустрэнецца з пчалой,
Ён дапамогу дасць малой,
Пад крыльца падтрымае,
Пот з рыльца абдзімае:
– Ляці хутчэй у свой вулей,
Назбірвай мёд
На цэлы год.
Упраўны вецер
Вадахват,
Шумлівы, белабрысы,
Матне шырозным крыссем –
На ўзгорках пасушэе,
У долах патужэе,
I затахкае матор,
I пара ўздымецца з разор,
I ляжа чорным хібам
Адгорнутая скіба.