Максім Танк — Хлеб

Максім Танк

Аднойчы на кірмаш здалёк
Вандроўнік плёўся ў горад
І наракаў на свой мяшок,
Набіты лустай спорай.

Аж Хлеб не вытрымаў і так
Азваўся: – Што бядуеш?
Зусім не ты мяне, дзівак,
Але цябе нясу я.

– Ну што ж, пабачым, хто-каго! –
Той запярэчыў строга
І з цяжкага мяшка свайго
Хлеб вытрас на дарогу.

І сам пашкандыбаў далей.
Нішто не муліць плечы.
Дзень прамінуў. Ужо ў імгле
Стаў набліжацца вечар.

Настаў і час перакусіць.
Успомніў хлеб вандроўнік,
Што недзе, кінуты, ляжыць,
Духмяны і цудоўны!

Прылёг на нейкім дзірване,
Каб адпачыць хоць трошкі.
Але галоднаму і ў сне,
Знаць, сняцца хлеба крошкі.

Цяпер і сам сабе не рад.
Не спіцца, не ляжыцца.
Ці не вярнуцца лепш назад
Ды з другам памірыцца?

Устаў Вандроўнік і брыдзе –
Ідзе пад зорным небам,
На месца памятнае, дзе
Ён пасварыўся з Хлебам.

О, як ён рад быў зноў, калі
Сваю пабачыў страту!
І Хлебу нізкі, да зямлі,
Аддаў паклон, як брату.

Сказать спасибо
( 9 оценок, среднее 3.78 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений