Ірынцы спадабалася
Цудоўная вясна.
Як восені даждалася,
Пайшла прасіць яна,
Прасіць нябёс не хмарыцца,
Вятроў – не галасіць,
Срабрыстых росаў раніцай
На травах не гасіць;
Каб сонейка высокае
Свяціла на палі,
А кветкі сінявокія
Зноў на лугох цвілі;
Прасіць сям’ю крылатую
З лясоў не адлятаць,
Бярозку расахатую
Лістоў не атрасаць…
Прасіла яна шчыра так,
Прасіла ўсю зіму,
І мо’ вясна аж з выраю
Вярнулася таму.
Вярнулася, пяе ізноў
З бярозкай над ракой,
Пяе сярод дуброў, лугоў
З Ірынкаю малой.