Мёртвыя раскрываюць вочы жывым.
Прымаўка
Хто б адкуль ні прыйшоў,
Хоць на міг прыпыніся
І за тых, што загінулі
Тут, памаліся.
Мо не знаеш імён,
Але знай: ноч і дзень
Тут расстрэльвалі каты
Нявінных людзей.
Тут расстрэльвалі
I дзяцей і бацькоў,
Нашу праўду,
Братэрскую дружбу, любоў,
Нашу мову і песні,
Што рваліся ўвысь,
Нашу будучыню,
Веру ў сацыялізм.
Помні: тыя, што
Самаахвярна тут палі,
На пакутнай зямлі
Гэта ўсё ратавалі.
9.ІІІ.89
Крыніца: Танк Максім. Мой каўчэг: Вершы. 1989-1992. – Мн.: Маст. літ., 1994. – 207 с.