Максім Танк — Ля вогнішч начлежных

Максім Танк

Урывак з паэмы «Нарач»

Ля вогнішч начлежных і ля невадоў
Чуў гэту легенду я часта
Ад гатаўскіх сосен і ад рыбакоў
Пра Нарач, Баторына, Мястра.

На месцы, дзе сёння шум-гоман азёр,
На золаку раннім крык чаек,
Быў некалі цёмны нязведаны бор,
Быў лес без канца і без краю.

У нетрах, у самай глушы сасняка,
Стаяла малая хаціна;
Жыла ў той хаціне дачка лесніка,
Жыла прыгажуня Галіна.

Хто бачыў яе, той забыць век не мог
Красы яе светлай, дзявочай,
І водсвет зары, што на твар яе лёг,
І косы, і сінія вочы.

Нямала сватоў прыязджала здалёк,
Але іх адмова чакала,
Бо ў сэрцы яе быў адзін Васілёк,
Якога дзяўчына кахала.

Адзін Васілёк, што майстэрствы ўсе знаў,
Адважны і дужы хлапчына,
Які шчырым сэрцам таксама кахаў
Сяброўку юнацтва – Галіну.

Прыносіў ёй розныя забаўкі ён:
То нейкае дзіва лясное,
То часам пявунню-жалейку, як звон,
І нават люстэрка жывое.

Гаворыць: – Пільнуй падарунка майго.
Хай ён прынясе табе ўдачу.
У тоні глыбокай, празрыстай яго
Свой лёс ты заўсёды пабачыш.

Бо гэта люстэрка, што сёння прынёс,
Адліў я з цудоўнага сплаву:
З крынічных пясчынак, блакіту нябёс,
З кахання, і мары, і славы.

Зірнула дзяўчына ў люстэрка, а ў ім
Высокае сонца яснее,
І хвалі ўскіпаюць прыбоем крутым,
І чайка над возерам рэе.

Здаецца, нішто засмуціць не магло,
Нішто шчасцю не пагражала,
Ды лета мінула, і гора прыйшло
З асенняю хмарай-навалай.

Вяртаючыся з палявання дамоў,
Аднойчы ўбачыў Галіну
Ўладар неабсяжных палёў і лясоў,
Магнат ненавісны – Барына.

Убачыў, спыніў каля студні каня,
Каля лесніковай хаціны,
Пытае ў Галіны: – Адкуль ты, чыя
І як ты завешся, дзяўчына?

Не верыцца мне, што ў глушы сасняка,
На гэтых засмяглых палетках
Магла ты расці пад страхой мужыка,
Нябачная папараць-кветка.

Паедзем, красуня, са мной у палац.
Як кралю, цябе прыбяру я…
– Дарма на ўгаворы, пан, часу не траць,
Бо ехаць з табой не хачу я.

Я вольнаю птушкаю вырасла тут.
Жыве тут мой суджаны-мілы.
І нас не разлучаць ні годы пакут,
Ні гнеў твой, ні грозная сіла.

– Яшчэ мы пабачым! – Барына ўскіпеў
І, злосны, каня ён прышпорыў,
Панёсся, як прывід,

і знік сярод дрэў

Старога спрадвечнага бору.

Памалу змярканнем апала імгла.
Шлях Млечны заззяў над хацінай.
І толькі пад самую поўнач змагла
Заснуць у трывозе Галіна.

Заснула, ды хутка ляснік разбудзіў
Яе да зары, да світання,
Пачуўшы, як рэхам бор загаманіў,
Рагоў паляўнічых ігранне.

– Прачніся, дачушка, прачніся хутчэй!
Грымяць на варотах прабоі,
Я выйду, няпрошаных стрэну гасцей.
Падай мне да стрэльбы набоі!

– Гэй, дзверы у дом свой, стары, адчыняй,
Гасцям ты, як бачым, не рады.
Прыехалі мы па дачку тваю, знай,
Па панскаму слову-загаду!..

На ганак са стрэльбаю выйшаў стары,
Абвёў цівуноў грозным зрокам:
– Вас многа, сцярвятнікаў, сёння ў бары
Зляцелася з нетраў далёкіх.

Але хто з вас ступіць на гэты парог,
Той сённяшні дзень не пабачыць,
Сабачаю смерцю сканае ля ног
Ад кулі свінцовай гарачай!..

І тут жа злажыўся і стрэліў ляснік,
Аж рэха панеслася ноччу.
Пачуўшы звярыны загоншчыка крык,
З ім разам паў скошаны лоўчы .

Другі раз ужо не ўвінуўся стары,
Каб стрэліць у панскую зграю,
Зваліўся сасной векавою ў бары
Ад лютых удараў нагаек.

Галіна рванулася дапамагчы,
Ды позна! Варожыя сілы
Яе акружылі, нібы крумкачы,
Схапілі і рукі скруцілі.

Пазней у забыццё, бы ў сцюдзёную тонь,
Запала яна і не чула,
Як нёс яе лесам, палонную, конь,
Як пушча стагнала ад гулу.

Ачнулася толькі пад вечар яна
Ў змрочным палацы Барыны,
З бядою сваёй безуцешнай адна,
У лютай няволі дзяўчына.

Як вырвацца птушцы на волю ізноў?
Каб знаў Васілёк яе гора,
Напэўна б сюды з дапамогай прыйшоў,
Разбіў бы стальныя запоры.

Ды гасне надзея, шуміць за акном
Дажджамі сцюдзёнымі восень.
Галосіць Галіна і ноччу і днём,
На лёс наракае, галосіць.

– Дзе ты, маё шчасце, па нетрах якіх,
Па сцежках далёкіх блукаеш?
Няўжо аб слязах ты не знаеш маіх,
Аб горы сірочым не знаеш?..

Галосіць дзяўчына, аж чуе ўначы,
Як нехта яе аклікае,
Як ціха ў дзвярах зазвінелі ключы:
– Галіна, дзе ты, дарагая?..

Яшчэ ёй здаецца, што гэта здалёк
Вярнулася рэхам былое;
Яшчэ ёй не верыцца, што Васілёк
Наяве стаіць перад ёю.

– Адкуль ты, мой мілы? Хутчэй уцякай
Ты з гэтай глухой дамавіны,
Пакуль яшчэ не заяснеў небакрай
І нас не пабачыў Барына…

– Не бойся! Я сёння прабраўся ў палац,
У самае логвішча ката,
І змусіў яго мне за ўсё адказаць.
Была справядлівай расплата.

Ён злёг пад ударам майго тапара,
Ён болей нам крылаў не звяжа.
Пара з гэтых сценаў на волю, пара!
Ты чуеш: прачнулася стража!..

Галіна ўцякае з каханым сваім.
Нясуць іх буланыя коні.
Але за плячыма ўжо чуюцца ім
І крыкі і стрэлы пагоні.

Тут кажа дзяўчыне сваёй Васілёк:
– Скачы ты да роднай хаціны,
А я, покуль ранні развеецца змрок,
Заблытаю след у далінах.

Хутчэй – не пярэч мне, хутчэй уцякай!
На час мы расстацца тут мусім.
Бывай, маё сэрца і шчасце, бывай!
Не бойся – я хутка вярнуся!..

Рассталіся. Едзе дзяўчына адна.
Знаёмыя сцежкі,

хваіны,

Ды толькі на месцы знаёмым яна
Не ўбачыла роднай хаціны.

Не выйшаў, як некалі, бацька стары
Дачку сваю стрэць на дварышчы.
Адны толькі сосны гудуць у бары,
Чарнеюць кругом папялішчы.

Прысела ў знямозе на камень сівы
І вернага друга чакае.
Курлыкаюць недзе, крычаць журавы.
Марудна хвіліны мінаюць…

А ўсё Васілька не чуваць, не відаць.
Няшчасце яго мо спаткала?
Каб глянуць на лёс свой, у змрочную даль,
Дзяўчына люстэрка дастала.

Глядзіць: на пагорку жаўцее пясок,
Шуміць пры дарозе ракіта,
Стаіць конь буланы, ляжыць Васілёк,
І кружыць крумкач над забітым.

Аклікнула мілага, – глуха ўдалі
Ёй бор адказаў гулам-стогнам.
Люстэрка з рук выпала і на зямлі
На часткі разбілася з звонам.

І раптам на месцы, дзе высіўся бор,
Дзе срэбныя палі асколкі, –
Ўсё знікла, адны толькі хвалі азёр
Заззялі люстэркам, вясёлкай.

Дзяўчына ж крылатаю чайкай з тых год
І ў цёплыя ранкі і ў сцюжу
Над люстрам азёраў, прасторамі вод,
Шукаючы мілага, кружыць.

І крык яе вецер нясе ўдалячынь
Над хвалямі, поўнымі ззяння,
Празрыстымі, быццам бясхмарная сінь,
Глыбокімі, быццам каханне…

Сказать спасибо
( 12 оценок, среднее 3.33 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений