Памыляюцца тыя,
Хто ўсё яшчэ верыць,
Быццам
Працягласць дня і ночы
Падпарадкуецца
Астранамічным разлікам.
I я так думаў,
Пакуль аднойчы не пачуў,
Як, вяртаючыся з поля,
Спявалі нашы дзяўчаты:
«А я дня укарачу
I да ночы прытачу…»
Божа!
Якія гэта былі дзяўчаты!
Кожная з іх
Не толькі магла
I дзень укараціць,
I ноч прадоўжыць,
Але і ашчаслівіць
На ўсё жыццё.