Максім Танк — Расшытае крыжыкамі

Максім Танк

Ўзору не знаю я прыгажэйшага,
Як расшытая крыжыкамі
Трыпутніку ці канюшыны,
Бацькоўскіх ці маіх босых ног –
Палявая дарога;

Як расшытая крыжыкамі мулінэ
I калісьці падораная мне
Дзяўчынай кашуля;

Як расшытае крыжыкамі крыл
Жаўрукоў,
Ластавак,
Журавоў
Неба нада мной;

Як расшытыя крыжыкамі
Ручнікі,
Што на покуце ззяюць,
Стому з твару сціраюць
I на якіх маладым і гасцям
Мы падносім
Хлеб-соль…

Не, недарма, знаць,
Арнаментам гэтым –
А не дзідамі і арламі,
Не шаблямі і львамі –
Упрыгожвалі
Наша жыццё.

13.ІІІ.89

 

Крыніца: Танк Максім. Мой каўчэг: Вершы. 1989-1992. – Мн.: Маст. літ., 1994. – 207 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений