Максім Танк — Спатканне

Максім Танк

– Ну што ж, кажы, што ў вас чуваць? –
Пачаў стары пра сенажаць,
Успомніў жыта і авёс…
А вочы… мокрыя ад слёз…

А потым я загаварыў:
– Нічога, год я перажыў.
Ды не адзін – сядзіць нас шмат, –
Прывыклі трохі і да крат…

Ну, як там мама і сястра?
Пара ўжо на зіму араць.
I як там кратаецца дзед?
Ім занясі ад нас прывет!

– Нічога, мы-то жыць жывём, –
Вось ты тут сохнеш за муром…
Я ў торбе сухароў прынёс, –
А вочы мокрыя ад слёз…

– Не плач! Мы вернемся вясной
I ў поле выйдзем грамадой,
Сустрэнем новы ўсход зары, –
Не плач і не бядуй, стары!

Вясною светлаю з-за крат
З сяўнёю, поўнаю зярнят,
Нас выйдзе шмат, як цёмны бор,
На скібы чорныя разор…

Стары, я знаю, верыць мне
I сам гаворыць аб вясне,
Здаецца, падужэў, падрос,
Хоць вочы мокрыя ад слёз…

1936

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений