Прыгожым летнім ранкам
на лузе за сялом
сустрэўся жук аднойчы
з рагатым слімаком.
– Здарова! – жук вітае. –
Куды, браток, ідзеш
і з ракавіны хатку
нашто з сабой нясеш?
Абцёр слімак пот з твару,
гаворыць так жуку:
– Нямала перажыць мне
прыйшлося на вяку.
То сцюжа, то марозы,
то навальніца, дождж.
То часам у дарозе
захопіць змрок і ноч, –
шукай тады начлегу
пад нейкім там кустом…
Гавораць яны гэтак
і раптам чуюць – гром.
Ударыў дождж краплісты.
I жук пабег шукаць
дзе ў засені цяністай
шырокага лістка.
Але на цэлым лузе
няма страхі нідзе,
і мокры, ледзь жывы ён
да слімака ідзе.
– Пусці, браток, пагрэцца,
змок дужа на лугу,
насіць за гэта хатку
табе дапамагу.
У ракавіне шчыльнай
вандроўнікі сядзяць.
I нават дождж краплісты
не зможа іх дастаць.
Але мінулі хмары,
і сонца ўстала зноў,
жук хату слімакову
пакінуў і пайшоў.
Забыўся пра нягоды
і не наўме жуку,
што абяцаў паднесці
ён хату слімаку.