На адным канцы балота
Была хата Жураўля,
На другім канцы балота
Чапля шэрая жыла.
Надакучыла сівому
Жыць самотна Жураўлю.
Блукаць каля буралому
Па балотнаму гніллю,
Слухаць жаб неўгамонны
Рогат, шум у трысніку,
Перагуды, перазвоны
Камароў у талаку.
Вось задумаў ажаніцца
Ды на Чаплі Журавель
І пайшоў да маладзіцы
Па імшарах, па дрыгве.
Ляпу-чапу, ляпу-чапу, –
Журавель ідзе-брыдзе,
Праз сем дзён прыйшоў да Чаплі
I гаворыць: – Добры дзень!
Ці не хочаш за мяне ты
Выйсці замуж? – А яна
Кажа: – Што ты, – кажа, – гэта
Сабе выдумаў сп’яна!
Непрыгожы, даўганогі, –
Лепш ідзі адкуль прыйшоў! –
I пабрыў сваёй дарогай
Сумны Журавель дамоў.
Ды адумалася Чапля,
Што дарма за Жураўля,
За балотнага суседа,
Яна замуж не пайшла.
Ляпу-чапу, ляпу-чапу, –
Ў хату Жураўля ідзе.
Праз сем дзён прыходзіць Чапля
I гаворыць: – Добры дзень!
Ці не возьмеш мяне ў хату? –
Журавель ёй кажа: – Не!
Дзе з такой, як ты, чубатай,
Паказацца ў свеце мне?
Шыя выгнута вужакай,
Хараства ні ў чым няма!
І убор твой аніякі,
I нягодная сама.
Калі Чапля з хаты выйшла,
Журавель пашкадаваў,
Што пакрыўдзіў яе лішне.
Што за жонку не узяў.
Ляпу-чапу, ляпу-чапу, –
Па дрыгве і па вадзе
Ізноў сватацца да Чаплі
Журавель ідзе-брыдзе…
I так ходзяць яны ў сваты
Цэлы свой птушыны век,
I стаяць іх воддаль хаты
Па канцах балот і рэк.