Зямлю цалуе неба сінь
Сваім чырвоным сонцатварам,
I песню ночы «ква-кум-бінь»
Пяюць мне сонныя выгары.
У высі зорак сенажаць
Вартуе месяц — дзед двухрогі,
Не хоча раніцу спаткаць
I лесам хмар ідзе, бязногі.
Капліца белая, як здань,
Ў тумане плавае за вёскай,
I сонцам спуджаная рань
Прысела зайцам за бярозкай.
Дзянніцы зірк на небе стух,
Вясковых хат дымяць галовы,
У лапцях з пугаю пастух
Трубою плача на каровы.
Пяе у полі хор калёс,
Як старац з ліраю разбітай…
Загоны вузкія авёс
Убраў зялёным аксамітам.
Вясёлы птушак перазвон
Гудзе на воблачнай званіцы…
Бязмоўнай цішы гіне сон,
Як сонца выплыве крыніцай.
I сыпле промень вогнесталь,
К вачам схілю сярпом далонь я
I пазіраю моўчкі ўдаль,
У шыр блакітнага бяздоння.
1922