Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Сеў тата пісаць – а ручка не піша. Ён яе і трос, і чарніла нанова набіраў – не піша і ўсё. Гукнуў тады Максімку:
– Сынок, ты маёй ручкі не чапаў?
– Не, тата, не чапаў…
– Такая харошая ручка была! Прыйдуць мама з бабуляй, трэба будзе ў іх спытаць, мо яны бралі ды незнарок сапсавалі… А ты, сынок, ідзі гуляй.
Максімка паволі пайшоў у свой пакой і гэтак жа паволі зачыніў за сабой дзверы. Тата схіліўся над сталом. Ды неўзабаве Максімка зноў прыйшоў і дакрануўся да татавага пляча:
– А калі мама тваёй ручкі не брала?
Тата ўважліва паглядзеў на сына і, нібы аб нечым здагадаўшыся, сказаў:
– Мабыць, бабуля скінула яе са стала.
– А калі і бабуля не вінавата? – не адступаў Максімка.
– То тады і не ведаю, на каго думаць, – развёў тата рукамі. – Ты ідзі, гуляй, сынок, а мне працаваць трэба.
Але хлопчык не адыходзіў. Ён пастаяў, памаўчаў, затым зноў спытаў:
– I ты будзеш на іх сварыцца?
– На каго?
– На маму і на бабулю.
Тата ледзь прыкметна ўсміхнуўся:
– Пэўна, буду. Такую добрую ручку сапсавалі.
– Шкада мамы і бабулі…
Максімка ўздыхнуў і моўчкі пайшоў у другі пакой.
Цікаў на стале гадзіннік, адлічваючы секунды і мінуты: цік-так, цік-так… Пад гэта ціканне тату добра працавалася. Ён так захапіўся работай, што не заўважыў, як зноў падышоў сын.
– Не сварыся, тата, – паціху прамовіў ён, – не сварыся на маму і бабулю… Насварыся лепей на мяне…