А. М. Сцепаненку
Як блізка падступаецца прагрэс!
I што ў руках?
Магільная рыдлёўка…
Над Прыпяццю
зялёная Баршчоўка
За восем кіламетраў ад АЭС.
Наўкруг – лугі.
I пракаветны лес.
Тут хвалі сіньку плёскала вясло,
Рука –
сяўбой зямлю спадзеўна грэла.
Туманам ранне золкае шарэла,
I мокла жураўлінае крыло.
Жыццё гуло…
Жыццё наўсцяж гарэла…
Тут эпахальных не было падзей,
Былі радзіны і былі хаўтуры.
Праводзіў позірк воч старых пахмуры.
Цяжэлі рукі цвёрдыя людзей.
Ды ў памяці
вайны жылі віхуры.
…Уздрыгнуў ноччу пракаветны лес.
I воблак белы, як світанне, вырас,
Як згубы кліч,
як смерці чорнай вырак,
За восем кіламетраў –
над АЭС.
Ён рос і рос
і накрап сеяў спрэс.
А тут – душа закутая ў спакой –
Хадзілі лугам, плавалі ракой,
На пашу гналі вуліцай кароў,
Садзілі соткі
і… бялілі кроў.
I думалі: які ён, той прагрэс?
Ў глыбінцы свету…
Побач ля АЭС.