Да агню твайго Вечнага —
Мужнага сэрца маёй зямлі —
З ройнага Шляху Млечнага
Тыя збочваюць,
Што ў вечнасць пайшлі.
Горадам ходзяць —
Памяццю курных дарог —
Ратнікі, сцяганосцы і трубачы.
Блізка-блізка
шорганне ног
Чую ўначы. I калі
выхапіць золак
плошчу з паўзмроку,
Падпаліць зару ад яе агню,
Чую, як аддаляюцца крокі —
у цішыню, у вышыню.
I тады
горад абуджаецца дрэмны,
Тупае гулка па бруку вуліц, мастоў.
I вогнікаў-кветак
на плошчу прыносіць бярэмак
Яго маладая,
як світанне само,
Любоў.