1
Сцяжыны лёсу пазаплёў палын,
Бальшак Жыцця жарства наўсцяж укрыла.
I восенню пустэльнаю паныла
Шугае ў небе жураўліны клін.
I толькі мой балесны прыпамін
Імкне на ўлонне шчасця легкакрыла –
Там памяць дні калішнія ўзвіхрыла,
Пунсова рдзее гронамі калін.
Мне зноўку час адкрыўся беззваротны –
I адступіўся травастой смяротны,
Вяскоўцы звычна крочылі сцягой.
Быў іхні дзень. Быў іхні рух мне бачны.
Жыцця галасам упіваўся Бабчын.
I не было рэальнасці другой.
2
Ступаю ў лес – падсушаным сіўцом
Хрусціць дарога спудна і сіроча.
Хваін сцяна, як тая патароча,
Гарбаціцца за бліжнім азярцом.
Цячэ рака Жыцця. Яе плыўцом
Душа пачуць сябе ніяк не хоча.
Бо ветру ўзвей пагрозліва шапоча,
Нібыта Божы свет – перад канцом.
I шнарыць смерць па выселеных хатах.
Насенне зла схавана ў чорных спратах,
Чакае зноў сусветнага сяйва.
Рыпіць напята лёсу калымага.
Глядзіць сляпое вока саркафага
Удалеч з-пад графітнага брыва.
3
Клады кусты акацый аплялі,
Крыжы збуцвелі, мытыя дажджамі.
Маланкі, паласуючы крыжамі,
Жагнаюць шыры мёртвае зямлі.
Нямыя зоркі, нібы вугалі,
Раздзьмутыя сусветнымі вятрамі,
Падкажуць: ты – удзельнік вечнай драмы
З дакладнай назваю «Жылі-былі…».
Спадае неба ядзернай шугой,
Даводзячы: няма зямлі другой,
Жыць гэтай у душы тваёй да скону.
Ступаючы зыбучаю жарствой,
Ты ў згоды знак ківаеш галавой,
Дыханнем грэеш выстылую зону.
4
Амшэлыя дрыгвянішчы балот
Пачылі ў часе. Сцішаныя клеткі,
Каналамі пасечаныя, сведкі
Тых дзён, калі рыкасты свой паход
Вяло на бросню камарыных вод
Апусташэнне. Дуб, астатнік рэдкі,
Шацёр ускіне ўдалечы. Дым едкі
Паўзе з лаўжоў падальш за ржавы дрот.
Сканала Гала. Ядзерным засевам
Над кветкай кожнай і над кожным дрэвам
Прайшоў жахотна-помны красавік.
Глядзяцца ў неба з адзічэлых клетак
Тугой расстайнай вочы жоўтых кветак –
Абула смерць венерын чаравік.
5
Лісіны груд сінее сон-травой,
Не калыхнецца радасным галасам
Абсяг вясновы. Змораная часам,
Глухая ціш агусла ў шатах хвой.
I толькі неба барвай агнявой
Заход пазначыць. Зоркавым папасам
Пакрочыць месяц – сполашным грымасам
Не будзе ліку над зямлёй сівой.
Жахнуцца ўладзе смерці. Тут яна
Крыніцы ператруціла да дна
I, ўсцешная, касу нясе высока.
I толькі гляне ранак агнявы:
Засіненае вочка сон-травы
Зірне няўцям – вясны жывое вока.
6
Бруіцца Прыпяць у жвірах праменных,
Між ніцых лоз жывы крышталь святла.
Забыты ўзмах рыбацкага вясла.
Самоціцца чырвоны бакен лены.
Віхурай смерці носяцца рэнтгены,
Бяда гняздо на шмат вякоў звіла,
I водны плёс – сама пуціна зла,
Якой Харон плыве праз час нятленны.
Ён гоніць човен сінім шляхам водным
Пад небам абыякавым, халодным,
Ускінуўшы сівую галаву.
Здавён заняты промыслам выгоднмм,
А я, душу суцішыўшы, заву
Абсягі пекла й сёння краем родным.
7
Зямля мая забылася пра жыта.
Не пружыстая хваля збажыны
Гадзінай шараю калыша сны –
Ў палын-гарчак туга яе павіта.
Вядзе Зямлю высокая арбіта.
У рострубе касмічнай гаманы
Хто ўчуе нас? Ў сусвеце мы – адны.
Ўчынілі змоўчна зло і – шыта-крыта.
Глядзіць мірганнем зор сусвет халодны,
Бы ведае: наступіць час бясплодны
I згіне жыццядайная Зямля,
На промнях радыяцыі бязвінна
Згібее, як самотная жанчына,
Што нарадзіць не здатна немаўля.