Кнігі суправаджаюць чалавека на працягу жыцця. Яны даюць веды, абуджаюць думкі, прасвятляюць душу. У многіх сем’ях кнігі перадаюцца ад пакалення да пакалення як сімвал пераемнасці, помнік культуры свайго часу.
У кожнага чалавека ёсць кнігі, што выклікаюць асабліва глыбокія пачуцці, і не абавязкова праз іх адметны змест або рэдкасць. Часта нам падабаюцца кнігі, якія маюць нестандартную канструкцыю, незвычайную тэхніку набору або друку. Мы можам любіць кнігі проста за тое, што яны прыгожыя.
Такую неўсвядомленую любоў і захапленне выклікаюць мініяцюрныя кнігі. Пры першапачатковым знаёмстве яны здзіўляюць памерамі. Рэдкі чытач, убачыўшы такое выданне, адмовіць сабе ў спакусе патрымаць яго ў руках.
Непаўторны вобраз кожнага выдання створаны арыгінальным дызайнам вокладкі, высокім узроўнем выканання ілюстрацыйнага матэрыялу, умелым яго спалучэннем з тэкстам. Таму сучасная мініяцюрная кніга можа па праве прэтэндаваць на статус твора мастацтва, які рэалізуе духоўныя запатрабаванні чалавека.
(135 слоў)
Паводле Т. Рацько.