У гэтым прыгожым і прасторным будынку, што размясціўся ў нашай сталіцы на праспекце Пераможцаў, жыве вайна. Але тут не чуваць ні выбухаў, ні стрэлаў, а пануе цішыня. Нават свавольныя хлапчукі, зайшоўшы сюды, міжволі сцішваюць дыханне, дзеляцца ўражаннямі паўшэптам. Тут знаходзіцца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ён перабраўся ў гэты куток з Кастрычніцкай плошчы горада і ўрачыста адзначыў сваё наваселле ў дні святкавання сямідзясятай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Кожны дзень з усіх куткоў Беларусі сюды прыязджаюць дзеці і дарослыя, каб убачыць тое, што давялося перажыць нашай краіне ў гады ліхалецця, перагарнуць старонкі народнага подзвігу, нашай славы, сэрцам дакрануцца да святыняў людской памяці.
Як ні дзіўна, але музей пра вайну быў створаны ў час вайны. Ён адкрыўся ў 1944 годзе ў Доме прафсаюзаў, што цудам уцалеў у разбураным Мінску. Першымі супрацоўнікамі сталі былыя партызаны і франтавікі. Першымі наведвальнікамі былі тыя, пра каго расказваў музей: вайскоўцы, беларускія партызаны і падпольшчыкі. Многія з іх перадалі ў дар музею свае фатаграфіі, дакументы, асабістыя рэчы.
Прайсці па ўсіх залах музея ў новым будынку – прайсці праз усю вайну, ад першых выбухаў у чэрвені да Дня Перамогі. Тысячы музейных экспанатаў, беражліва сабраных тут, расказваюць пра крывавыя баі з ворагам на франтах Вялікай Айчыннай, пра жахлівыя злачынствы чужынцаў на захопленай зямлі, пра мужнасць, баявыя будні партызан і падпольшчыкаў, пра свята вызвалення, якое прыйшло на нашу зямлю ў незабыўныя ліпеньскія дні.
Тут шмат каштоўных дакументаў, прысвечаных змаганню, гераічнай дзейнасці беларускіх падпольшчыкаў: фотаздымкі, пісьмы, перадсмяротныя запіскі.
Васіль Жудро – адзін з кіраўнікоў мінскага падполля. У музеі захоўваецца запісная кніжка адважнага патрыёта, прабітая куляй. Можна ўбачыць сумачку падпольшчыцы Алены Мазанік. У ёй яна пранесла ў дом ката беларускага народа Кубэ магнітную міну, якою ён быў знішчаны.
Здзіўляюць мноствам незвычайных экспанатаў партызанскія залы музея. Гэта і "зенітка" – супрацьтанкавае ружжо, прыладжанае да кола ад павозкі, і гармата, зробленая са ствала танка і колаў ад сеялкі, і кулямёт на сялянскіх санях. Тут ёсць і аўтамат, які ўмельцы-збройнікі падарылі партызанскаму камандзіру Васілю Захаравічу Каржу.
Адзін з самых старых экспанатаў музея – самаробны партызанскі сцяг. Сшыты ён з дзіцячай коўдрачкі, перафарбаванай у чырвоны колер, а вышыты жанчынамі-партызанкамі. На ніткі пайшлі парашутныя стропы.
Макеты партызанскай зямлянкі, зброевай майстэрні, друкарні, самаробныя медалі, баявыя лістоўкі, рукапісныя часопісы – усё гэта можна ўбачыць у экспазіцыі музея. Запамінаецца зборнік вершаў "Слуцкі пояс" – адзіная ў свеце кніжка-партызанка. Яе аўтар – паэт Анатоль Астрэйка. Каб надрукаваць кніжку, слуцкія падпольшчыкі ў час адной аперацыі раздабылі ў немцаў паперу і фарбу, а партызанскія мастакі адмыслова аформілі яе.
Сярод рэліквій – медаль "За адвагу", прабіты куляй. Яго знайшоў і перадаў музею школьнік з Гомельшчыны. Па нумары медаля супрацоўнікі музея змаглі ўстанавіць імя воіна, які загінуў, і адшукалі яго родных.
Музейныя работнікі арганізоўваюць экскурсіі па памятных мясцінах, перасоўныя выстаўкі, што экспануюцца ў многіх краінах свету.
(450 слоў)
Паводле М. Чарняўскага.