Што такое быць стыльным? Што такое мода? Хто такі я і ў якім адзенні мне камфортна? Кожны сучасны чалавек рана ці позна задае такія пытанні. Кожны ведае: больш за дзевяноста працэнтаў з таго, што мы найперш запамінаем адзін пра аднаго, складае ўражанне ад знешнасці. I чалавек можа прымусіць сваё адзенне «расказаць» тое, што ён сам найперш хацеў бы паведаміць пра сябе.
Тэрмін «касцюм» адрозніваецца ад слова «адзенне», бо тлумачыць сацыяльную і нацыянальную адметнасць, звычкі і традыцыі, індывідуальныя асаблівасці чалавека. Мода – гэта не проста набор найбольш прывабных рэчаў. Мода – гэта манера жыць і выяўляць сябе. Галоўная «частка» любога касцюма – чалавек.
Беларускі народны касцюм фарміраваўся на працягу стагоддзяў. Касцюмы шыліся для асобных падзей і рытуалаў у жыцці нашых продкаў. Вясельныя і шлюбныя, святочныя і паўсядзённыя, разнастайныя паводле геаграфічных асаблівасцей, беларускія народныя строі ўвасобілі любоў нашых жанчын да сваёй зямлі, іх мары пра будучыню, талент жыць, майстэрства ствараць.
Сёння мы выбіраем колер адзення і дэкор найперш з эстэтычных і практычных меркаванняў. У старадаўнія часы колер і арнамент неслі глыбокі сэнс і надзяляліся магічным уздзеяннем на людзей і прыроду. Самыя распаўсюджаныя колеры ў арнаменце беларусаў – белы, чырвоны, чорны. Яны сімвалізуюць адзінства нараджэння, жыцця і смерці.
Белы меў значэнне новага свету, новых ведаў, чысціні і першапачатковасці. Там, дзе ёсць белы колер, усё на імгненне становіцца чыстым, некранутым лістом. Чырвоны – колер жыцця, яркай радасці. Лічыцца, што ён паляпшае апетыт і лечыць душэўныя пакуты. Чырвоны нібы абяцае: хутка надыдзе ўсход, будзе новае нараджэнне. Чорны – колер зямлі, з якой усё нараджаецца. Гэта колер абяцання: хутка вы даведаецеся пра тое, чаго не ведалі раней.
У вышываных на палатне арнаментах былі зашыфраваны самыя значныя з’явы ў жыцці людзей нашага краю, іх веды і ўяўленні. Вельмі распаўсюджаны былі знакі Сонца і Зямлі. Іх спалучэнне азначала надыход вясны, абуджэнне прыроды. Калядная васьміканцовая зорка азначае таксама чалавека, маці, дзяцей, сям’ю. Сама жанчына ўвасабляла свой вобраз праз кветкі, птушачку-галубку, дрэвы: бярозу, рабіну, каліну. Ёсць нават асобны сімвал моцнай сям’і, які вышываўся, каб прасіць сямейнага шчасця ў дом.
Навукоўцы выдзяляюць знакі ўраджаю, сумленнай працы, знакі, прысвечаныя святам: Купаллю і Радаўніцы, Калядам і Дажынкам. У сваіх творах майстрыхі замест слоў ужывалі знакі дабра і зла, справядлівасці і міласэрнасці. Можна сказаць, што ў народным касцюме ўвасабляецца цэлы сусвет.
Мадэльеры першымі задумваюцца, якім наш касцюм будзе заўтра. Які адбітак у люстэрку нам хочацца пабачыць? Вельмі часта майстры, думаючы пра напрамкі развіцця моды, зазіраюць у мінулае, гартаюць альбомы народных строяў. I гісторыя народнага касцюма падказвае новыя цікавыя рашэнні, сучасныя ўзоры, нябачныя раней лініі і сілуэты.
Таленавітыя народныя майстры, не маючы спецыяльнай адукацыі, пазычалі арганічныя спалучэнні ліній, колераў у зямлі і неба. Шчодра распісаныя нашымі бабулямі кашулі, спадніцы і сёння выклікаюць замілаванне і добрую зайздрасць. Так што, перабіраючы бабулін куфэрак, не выкідвайце рэчы яе маладосці. Хто ведае, можа, народны касцюм, вышыты беларускім арнаментам, зойме першае месца на паказе моды будучага?
(462 словы)
Паводле I. Крука.