Ніл Гілевіч — Сябры ў паходзе

Ніл Гілевіч

Як выходзіла з двара
У дарогу дзетвара –
Брала яна рэчы,
Клала іх за плечы:

Грышка ўзяў палатку,
Цішка – коўдраў скатку,
Стась – тапор з рыдлёўкай,
Харч і посуд – Лёўка,
А сачкі з бляшанкай –
Акцябронак Янка.

Толькі выйшлі за сяло,
Цішку муліць пачало.
Стаў прасіць ён Грышку:
– Памажы, брат, крышку!

Цягне Грышка скатку,
Скатку і палатку,
Стась – тапор з рыдлёўкай,
Харч і посуд – Лёўка,
А сачкі з бляшанкай –
Акцябронак Янка.

I гадзіну не ішлі –
Стася колікі ўзялі.
Стаў прасіць ён Грышку:
– Памажы, брат, крышку!

Цягне Грышка скатку,
Скатку і палатку,
I тапор з рыдлёўкай,
Харч і посуд – Лёўка,
А сачкі з бляшанкай –
Акцябронак Янка.

Як мінулі вёрстаў пяць,
Стала сонца прыпякаць.
Просіць Лёўка Грышку:
– Памажы, брат, крышку!

Цягне Грышка скатку,
Скатку і палатку,
I тапор з рыдлёўкай,
I ўвесь клунак Лёўкаў,
А сачкі з бляшанкай –
Акцябронак Янка.

За гарой, дзе бор драмаў,
Раптам Янка закульгаў.
Стаў прасіць ён Грышку:
– Паднясі, брат, крышку!

Цягне Грышка скатку,
Скатку і палатку,
I тапор з рыдлёўкай,
I ўвесь клунак Лёўкаў,
I сачкі, й бляшанку,
I… самога Янку!

1962 г.

Сказать спасибо
( 5 оценок, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений