Холад цісне ўсё мацней,
Стынуць дрэвы ў шэрані.
Прабірае да касцей
Верабейку шэрага.
Скача, скача па двары,
Пырхае, чырыкае.
Гора, што ні гавары,
Гора дый вялікае.
Абляцеў усё сяло,
Гумны ўсе і сметнікі, –
Ні крупінкі, як назло,
Не разжыўся, бедненькі.
Ох і цяжкая зіма
З лютай сцюжай гэткаю!
Сеў бядак і задрамаў
Пад старой паветкаю.
І сасніў, нібыта зноў
Свеціць сонца весняе,
А яды – на сто гадоў
У запас нанесена!
Прахапіўся верабей,
Зірк: ажно за студняю,
У кармушцы, на вярбе,
Снегіры палуднуюць!
Ён туды – чырык! чырык!
Узляцеў на дошчачкі:
– Расступіцеся, сябры!
Дайце мне хоць трошачкі!