Вось і выспелі арэхі –
Дачакаліся пары:
Цэлы дзень у гушчары
Чутны крыкі дзетвары.
Нападуць на куст гурбою –
Гнуць сукі
Ва ўсе бакі.
Досыць дотыку рукі,
Каб пасыпаліся самі
З загарэлымі насамі
З белым донцам лушчакі.
У Рыгоркі ўжо не меней
Лушчакоў, як два пуды.
Нават жмені,
Нават жмені
Палажыць няма куды.
Самы раз дамоў вяртацца.
Толькі як з кустом расстацца?
Хоць арэхаў у мяшэчку
Аж па завязкі набіта,
Але тыя – на вяршэчку –
Найсмачнейшыя нібыта.
Для каго ж іх пакідаць?
Толькі як ім рады даць?
Кінуў торбу на траву
І, задраўшы галаву,
Пазірае ўверх хлапчук.
Раптам з елкі шышка – стук!
А за ёй другая –
Смольная, тугая –
Шлоп! –
Каб трошку, дык у лоб.
«Што за ліха можа быць?»
Стаў Рыгорка і глядзіць:
Лапка гнуткая на елцы
Скалыхнулася, здаецца.
Ён бліжэй ступае крок –
Бачыць: рыжанькі звярок
На суку ўгары сядзіць,
Утаропіўся, глядзіць.
Здагадаўся тут Рыгорка:
«Гэта ж шустрая вавёрка!
То ж яна не для пацехі
У мяне пусціла шышку,
А каб я не рваў арэхі –
Каб і ёй пакінуў крышку!»
Аж няёмка хлопцу стала,
Глянуў, вінаваты:
«У мяне ж і так нямала!
Дык – гайда дахаты!»