Паводле беларускай народная казкі
Мо даўно, а мо нядаўна –
Казкам-байкам што гады? –
У адной палескай вёсцы
Два жылі-былі браты.
I адзін з іх быў багаты,
Ненажэрлівы такі,
Замыкаў свой скарб вялікі
На чатыры аж замкі.
А ў другога толькі й скарбу
Усяго таго было,
Што старэнькая сякера
Пад залатанай палой.
Ён бандарыў і цяслярыў,
Сек лазу на кашалі.
Бедны быў, ды пакланяўся
Толькі працы і зямлі.
З мазаля і хлеб, і песня.
А зямля вучыла быць
I нясквапным, і цярплівым
У нягодах у любых.
Тым і жыў.
Ды вось аднойчы,
Ходзячы каля ракі,
Незнарок сваю сякеру
Выпусціў бядак з рукі.
Падхапіць хацеў – ды дзе там:
Прагна плюхнула вада…
Закрычаў ён у адчаі:
– Ах ты, горкая бяда!
Як цяпер на свеце жыць мне
Без карміцелькі маёй?
Хоць ты кідайся самому
У вір гэты галавой…
Сеў дзяцюк і аж заплакаў,
Бо гарчэй ад усяго
Знаць было, што не паможа
Ні на волас брат яго.
Але што гэта?!
Ні ветру –
Хвалі ж, хвалі па вадзе…
Вынырае, падплывае
Да яго сівенькі дзед.
Позірк мяккі і прыветны,
Голас дабрынёй гучыць:
– Што з табою, чалавеча,
Мо змагу чым памагчы?
Расказаў сваё няшчасце,
А ў адказ дзядок:
– Чакай! –
Ціха, шчыра ён прамовіў
I нырнуў.
Праз міг:
– Трымай!
I сякеру залатую,
Вынырнуўшы, падае.
Бляск такі ад той сякеры,
Што аж глянуць не дае.
Але дзядзька:
– Не, такога
Зроду я не меў дабра…
Дастае тады другую
Дзед сякеру – з серабра.
Зіхаціць вада, збягае
Срэбнай хваляй з вастрыя.
Уздыхае бедалага:
– Не, і гэта не мая.
Трэці раз на дно рачное
Апускаецца стары
I жалезную сякеру
Падае:
– Твая? Бяры.
А на памяць аб сустрэчы
Забірай і гэтых дзве.
I кладзе да ног мужычых
Тры сякеры на траве…
* * *
Шмат сплыло ці мала часу,
Толькі і багаты брат
Нейк дачуўся пра дарункі
З золата і серабра.
А бядняк і не таіўся,
Што за дзіва з ім было.
Ад зайздрошчаў багацею
Аж дыханне заняло.
Вось бяжыць і ён на бераг
Тое самае ракі
I сякеру выпускае –
Быццам незнарок – з рукі.
Сам качаецца па доле,
Енчыць, бараду скубе:
– Ой, карміцелька-сякера.
Як пражыць мне без цябе?!
А рака ўсё неспакойней,
Хвалі, хвалі па вадзе…
Вынырае, падплывае
Да яго сівенькі дзед.
Позірк мяккі і прыветны,
Голас дабрынёй гучыць:
– Што з табою, чалавеча,
Мо змагу чым памагчы?
А пачуўшы, што за гора,
Моўчкі ён нырца дае
I – жалезную сякеру
Багацею падае.
Той аж замахаў рукамі: –
Што ты, гэта не мая!
Па такому недаломку
Не перажываў бы я!
Хмурыць бровы дзед – і
ў хвалі, –
Хвалі б’юцца ўсё круцей, –
I з’яўляецца з сякерай
Срэбра чыстага ў руцэ.
– Не мая, о не, і гэта
Не мая! – Багач у крык. –
У мяне была сякера,
З золата… Дастань, стары!
I без слова трэцім разам
У бурлівай той вадзе
З залатой цяпер сякерай
Паказаўся сівы дзед.
– Вось цяпер мая! Ну што ты.
Не марудзь – давай хутчэй!
Скочыў скнара сам за ёю
У ваду і –
знік з вачэй.
I рака адразу стала
Ціхаплыннай, як была…
Сёння ж мне вось нашаптала,
Пра ўсё гэта расказала.
I легенд яшчэ нямала
Наша памяць зберагла.
Крыніца: Ніна Мацяш. Два браты і сякера: паводле беларускай народнай казкі. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1975. – 16 с.