Пачынаецца ўсё з любві…
Я. Янішчыц.
Дакладна невядома, калі адбылося знаёмства Марыі з Кастусём Каліноўскім, аднак з упэўненасцю можна сказаць, што яны сустрэліся дзякуючы аднаму з братоў Марыі, Юзафу Яманту. Менавіта праз Юзафа і адбылося ў Вільні на пачатку 1861 года знаёмства Кастуся Каліноўскага з Марыяй. Відаць, у гэты час і нарадзілася паміж імі вялікае каханне, якое асвятляла ўсё іх астатняе жыццё. Марыю і Кастуся аб’ядноўвалі ідэалы нацыянальна-вызваленчай барацьбы, мары пра народнае шчасце, дзеля здзяйснення якіх яны гатовы былі ахвяраваць жыццём.
Уладкавацца на працу ў Вільні Каліноўскаму не ўдалося, і каханыя хутка разлучыліся. Кастусь паехаў дадому, у Гродзенскую губерню. Але духоўныя сувязі паміж ім і Марыяй з гэтага часу ўжо ніколі не парываліся, наадварот, рабіліся ўсё больш моцнымі і трывалымі. Кастусь выкарыстоўваў кожную магчымасць, каб наведацца ў Вільню як па рэвалюцыйных, так і па асабістых справах. Вядома, што на кватэры Ямантаў Каліноўскім неаднаразова праводзіліся нарады з кіраўнікамі паўстання, пасяджэнні падпольнага ўрада Беларусі і Літвы. Пасвечанымі ва ўсе тайны паўстання былі і сёстры Яманты, Марыя і Алена. Яны заўсёды старанна выконвалі даручэнні, якія даваліся ім адразу пасля нарад, і дастаўлялі ўсю неабходную інфармацыю ў самыя розныя раёны Вільні.
Апошнім выпрабаваннем кахання Марыі і Кастуся стаў іх арышт на пачатку 1864 года.
Апынуўшыся ў няволі, Кастусь перш за ўсё паспрабаваў адвесці навіслую над сям’ёй Ямантаў небяспеку. Нягледзячы на неабвержныя факты, што ўказвалі на яго трывалыя сувязі з сям’ёй Ямантаў, Каліноўскі мужна даводзіў, што ён у сямействе Ямантаў ніколі не бываў. Следчая камісія не прыняла пад увагу заяву Кастуся Каліноўскага, і ўся сям’я Ямантаў была арыштавана.
Марыя і Кастусь апынуліся ў розных месцах зняволення, пад якія ўлады прыстасавалі будынкі былых каталіцкіх манастыроў. Кожны з іх праз закратаваныя і пакрытыя вапнай шыбы вокнаў мог бачыць месца зняволення другога, але пераадолець гэтую нязначную адлегласць не меў магчымасці.
На дапамогу закаханым прыйшла родная цётка Марыі, Ядвіга Макрыцкая, якая, рызыкуючы жыццём, дабілася ад уладаў дазволу спачатку на спатканне з Каліноўскім, а потым з Марыяй. Пры дапамозе хабару, дадзенага жандарам, Макрыцкай удалося наладзіць паміж Марыяй і Кастусём патаемную перапіску. Нейкім цудам, дзякуючы Ядвізе Макрыцкай, да нас дайшоў адзіны вершаваны ліст Кастуся да Марыі, у якім ён балюча перажывае пра страчанае каханне, шчасце. У гэтым пасланні Каліноўскі супакойвае сваю нарачоную, пераконвае ўспрыняць яго блізкую і немінучую смерць як волю лёсу, хоць духоўнай сувязі паміж ім і каханай не разарвуць ніякія сілы ў свеце.
Неўзабаве ўся сям’я Ямантаў была выслана ў Сібір. Усе дзесяць гадоў ссылкі Марыя захоўвала памяць пра Кастуся. Многія дзяўчаты, удзельніцы паўстання 1863 года, выходзілі замуж за ссыльных. Марыя свядома адмаўлялася ад магчымасці стварыць у Сібіры сям’ю, захоўвала вернасць памяці каханага. I толькі на схіле жыцця, калі выразна акрэслівалася самотная старасць, Марыя дала згоду на шлюб з былым ссыльным, удзельнікам паўстання 1863 года Войцахам Дмахоўскім.
Памерла Марыя Ямант у Варшаве і пахавана там жа.
Так трагічна склаўся лёс гэтай выдатнай жанчыны, якая аддала лепшыя гады свайго жыцця нацыянальна-вызваленчай барацьбе, а сэрца – палымянаму рэвалюцыянеру Кастусю Каліноўскаму.
(474 словы)
Паводле В. Шалькевіча.