Перад дарогай у вырай

Пераказы і дыктанты

  Тым часам канчалася лета. Адгрымелі ліпеньскія і жнівеньскія навальніцы, гучна адспяваўшы песні лету. Дзень за днём пусцелі палі. Людзі ўжо збіралі познія пасевы ярыны. Паспявала грэчка. Прасторы зямлі нібы звужаліся ў межах і таілі ў сабе нейкую неакрэсленую і невыказную самоту. Сціхлі разнастайныя птушыныя песні. Адны толькі дружныя, вясёлыя шпакі, павыводзіўшы дзяцей, зляталіся ў велічэзныя гурты, ляталі над палямі, то збіваючыся ў густыя, чорныя кучы, то рассыпаючыся ў паветры празрыстымі сеткамі. Старыя шпакі, відаць, практыкавалі маладых у лятанні, каб умацаваць іх крылле перад дарогай у вырай. Тое самае рабілі і буслы. Яны то збіраліся на лузе ў цэлыя чароды і доўга, павольна пахаджвалі або стаялі нерухома, нібы трымаючы нейкую нараду, то падымаліся высока ў неба і доўга-доўга кружыліся пад аблокамі, выпрабоўваючы сілу сваіх крылаў.
 Эх, вольныя птушкі, як не пазайздросціць вашым лёгкім і хуткім крылам!
 Канчалася лета, замірала прырода, затухалі яркія агні яснага прамення сонца. Лёгкаю, цёплаю смугою, нібы сумам, засцілаліся ціхія далечы з іх лясамі і сіняватымі кудзёркамі далёкіх гаёў і пералескаў.
(167 слоў)

Паводле Я. Коласа.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений