Прывакзальная плошча

Пераказы і дыктанты

  Вакзал – гэта заўсёды людская гамана, мітусня, бесперапынны рух. Звычайна тут няма часу, каб спыніцца, азірнуцца, падумаць. I ўсё ж узнімем вочы: велічная Брама з дзвюма вежамі запрашае прайсці ў горад Мінск.
 Будынкі паўночнага боку Прывакзальнай плошчы даўно ўжо сталі візітоўкай беларускай сталіцы. Адзінаццаціпавярховыя трох’ярусныя дамы-вежы сваёй манументальнасцю нагадваюць нешта даўняе, блізкае да народных традыцый. Размешчаны яны на рагах пяціпавярховых жылых дамоў і акцэнтуюць кампазіцыю плошчы.
 Пабудаваны гэты буйны комплекс неўзабаве пасля вайны, у надзвычай сціслыя тэрміны – усяго за восем гадоў. Праект быў распрацаваны творчым калектывам на чале з ленінградцам Барысам Рубаненкам.
 У той час шматпавярховыя жылыя дамы ў Мінску, акрамя Ленінскага праспекта, не будавалі. Прывакзальная плошча была выключэннем. Два жылыя кварталы ўяўлялі сабою першы мікрараён у сталіцы (дарэчы, адзін з першых у Еўропе). Тут быў своеасаблівы міні-горад са школамі і дзіцячымі садкамі, крамамі, кавярнямі, рэстаранам, аптэкай, паліклінікай.
 У свой час верхні ярус дамоў-вежаў упрыгожвалі шпілі, па кутах першага яруса стаялі скульптурныя групы, фасады аздабляла ляпніна. Не вытрымалі яны выпрабавання часам, бетон асыпаўся. Але сёння архітэктурнае аздабленне ўзноўлена, вежы маюць такі ж выгляд, як і паўвека таму.
 Вось і ўвайшлі мы парадным шляхам у горад. Час азірнуцца, глянуць на другі бок плошчы. Там узвышаецца велічны будынак вакзала, вабіць вока сваім сучасным выглядам. Гэта трэці будынак вакзала ў Мінску.
 Пабудова ў канцы дзевятнаццатага стагоддзя дзвюх чыгунак, якія скрыжоўваліся ў Мінску, дала моцны штуршок развіццю горада. Перад тым у Мінску было дваццаць пяць тысяч жыхароў, а пасля з’яўлення чыгункі колькасць насельнікаў павялічылася ўтрая. Першы вакзал называўся Віленскім. Будынак прыцягваў прыгожай узорнай муроўкай з чырвонай цэглы. Ужо тады ў вобразе вакзала гучала ідэя Брамы з дзвюма вежамі, праз якую чалавек трапляў у горад.
 Віленскі вакзал быў капітальна перабудаваны: з’явіўся другі паверх над цэнтральнымі і бакавымі часткамі. Будынак набыў маштаб і манументальнасць, адпаведныя ролі вакзала сталіцы. Хоць вежы зніклі, але ідэя Брамы засталася – гэта было вітражнае акно вышынёю на тры паверхі. Так вылучаўся цэнтр будынка. Цікава, што архітэктарам былі захаваны арачныя праёмы першага паверха старога вакзала. Пасля вайны будынак быў адноўлены ў ранейшым выглядзе.
 I вось праз сто гадоў свайго існавання былы Віленскі вакзал быў разбураны. Справа ў тым, што стары будынак ужо не мог задаволіць вялікі горад. Праект распрацавалі маскоўскія архітэктары. Узведзены шматпавярховы адміністрацыйны будынак і зала чакання над чыгуначнымі каляінамі. Але адумаліся, спыніліся, бо вышынны акцэнт на плошчы стаў выпадковым, быў занядбаны прынцып пераемнасці.
 Тады быў аб’яўлены конкурс на лепшы праект, які выйгралі беларускія архітэктары Міхаіл Вінаградаў, Віктар Крамарэнка, Іван Вінаградаў. Іх задума, што грунтавалася на пераемнасці традыцый, на захаванні ідэі Брамы, і ўвасоблена сёння ў жыццё. Дваццаць першае стагоддзе мы сустрэлі з новым вакзалам еўрапейскага ўзроўню. Шкляныя сцены вестыбюля адбіваюць у сваёй люстраной паверхні ўсю
 Прывакзальную плошчу. А знутры чалавек адразу зрокава трапляе ў прастору горада, які вітае яго ўваходнай Брамай.
(467 слоў)

Паводле У. Мароза.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений