Ёсць прыгажосць у ранку праменным,
ёсць і ў змярканні,
Толькі нічога не знаю прыгожай,
як час красавання.
Як разліюцца белыя вішні,
а слівы, а бэры,
А буйныя ружы, а мак легкакрылы,
а сціплы той верас,
А гляньце, як тварам сваім ганарыцца
сланечнік высокі…
Чакайце, прыгледзьцеся,
вось-вось успыхнуць дзявочыя шчокі.
Глядзіце, вакол вас бушуе і пеніць
ад краю да краю.
Мільёны гадоў – для планеты юнацтва,
зямля маладая!
I мы маладыя, і думак узлёты,
і радасць кахання.
Нічога, нічога найлепшага ў свеце,
як час красавання!