Мне сёння прыснілася хата…
У ёй мы калісьці жылі!
Вясною там бэзу багата,
Звіняць над лугамі чмялі.
Праз сон я ў маленства глядзела,
Ў туманны, сівы вербалоз,
Я зноў святкавала нядзелю
Ў зацішку знаёмых бяроз!
Шумелі за хатаю сосны,
І стукалі промні ў акно,
Малою на ўзмежачак росны
Спяшалася слаць палатно.
За вокнамі стукалі колы,
Зарою палаў далягляд,
І плакала я, бо ніколі
Туды не вярнуся назад.
1974