Раніца ў вёсцы

Пераказы і дыктанты

  Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў, бо аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал толькі гніла куп’істая дрыгва ды моклі панурыя лясы.
 Вёска тулілася ля берага вострава, а платы агародаў дзе-нідзе забягалі на купіны ўзбалотка. З другога боку, на поўнач, балоты крыху адступалі, дорачы людзям пясчанае поле. Адступалі балоты і на заходнім баку, дзе рунелі ці жаўцелі да краю лесу палі, таксама скупыя, няўдзячныя, хоць у іх глебе і было менш пяску. З поўдня балоты зноў падбіраліся да саламяных замшэлых радоў стрэх, але ў гэты бок ішла найбольш сувязь са светам, і па дрыгве тут была вымашчана дарожка. Што гэта за дарожка, можна меркаваць хоць бы з таго, што ездзілі па ёй смела ці толькі ў маразы, калі і непралазная твань навокал рабілася цвёрдая, ці ўлетку, калі дарожка перасыхала.
 Большую частку года востраў быў як бы адасоблены ад іншых вёсак і мястэчак. Нават у непагодныя дні рэдкія газеты ці лісты нялёгка дабіраліся сюды ў паляшуцкай торбе: каму было прыемна лазіць па гразі без вельмі важнай прычыны. Аднак і гэта нямоцная сувязь са светам пры кожным зацяжным дажджы лёгка рвалася. Восенню ці вясной яна перарывалася на цэлыя месяцы: багна, што страшна разбухала ад разводдзя, адразала востраў ад свету мацней, чым гэта маглі б зрабіць абшары вадзянога прастору. Многія дні людзі жылі, як на плыце, які злая нягода адарвала ад берага і занесла ў мора, і трэба чакаць, калі спадарожны вецер ці лёс зноў падгоніць да зямлі.
 Але такое становішча тут не палохала, людзям на востраве яно здавалася зусім звычайным. З усіх бакоў, блізка і далёка, ведалі яны, такія ж самыя выспы сярод бясконцых багнаў, дзікіх зараснікаў, што разлягліся на сотні вёрст з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход. Людзям тут трэба было жыць, і яны жылі. Аднастайныя нудныя дажджы, што месяцамі лілі на мокрыя стрэхі, сцюдзёныя вятры, што люта білі ў замерзлыя шыбы завеямі, цёплае сонца, што ўставала ў пагодныя дні над купамі алешніку, бачылі гэты востраў заклапочаным, у няспыннай, штодзённай руплівасці. Людзі заўсёды чым-небудзь былі заняты: уранку і ўвечары, летам і зімою, у хаце, на двары, у полі, на балоце, у лесе…
 Жылі ўжо Курані і ў гэту чэрвеньскую рань. Калі сонца выпырснула першыя промні між вяршынь лесу, з комінаў на куранёўскіх стрэхах віліся ціхія ранішнія дымочкі, у расчыненых хлявах там і тут чулася цырканне малака ў даёнкі, лагодныя і строгія крыкі жанчын. У некалькіх дварах гукі гэтыя перабіваў працавіты стук жалеза аб жалеза: касцы адбівалі малаткамі косы, збіраліся ісці на балота. На пустой вуліцы, з торбай цераз плячо, ішоў, размахваючы доўгай пугай, яшчэ санлівы хлопец-пастух. Ён час ад часу ляскаў пугай і аднастайна, хрыпата пакрыкваў:
 – Ка-ро-вы!.. Ка-ро-вы!.. Ка-ро-вы!..
 Голас яго пасля сну быў нямоцны, напружвацца яму не хацелася, і ён як бы памагаў сабе лянівым, але звонкім ляскам пугі. Вароты на вуліцу хутка расчыняліся, каровы павольна, са шляхецкай паважнасцю сыходзіліся ў статак, які шырэў на ўсю вуліцу.
 З кожнай хвілінай Курані ўсё больш поўніліся людскімі галасамі, людскім рухам: на адным двары маці клікала сына, на другім плакала, залівалася слязьмі не ў час разбуджанае дзіця.
 Пачынаўся новы дзень.
(514 слоў)

Паводле I. Мележа.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений