Роздум

Пераказы і дыктанты

  Да адыходу цягніка застаецца больш за гадзіну. I я не спяшаюся. Павольна іду па вуліцы. Дыхаю свежым асеннім паветрам. Яно як сцюдзёная крынічная вада ў летні спякотны дзень. Ці гэта так здаецца пасля гарачыні заводскага цэха?
 Пад нагамі шамаціць пажоўклае лісце. Яго многа наштампавала восень, накідала на зямлю, развесіла на дрэвах, і яно вісіць, залатое, яснае, чыстае.
 Сёння мне асабліва падабаецца горад, нібы бачу яго ўпершыню. Хаця і добра ведаю, што не ўпершыню, бо сем гадоў працую тут і паспеў прывыкнуць, як да роднае хаты.
 Але сёння… Я раптам заўважаю, што дом насупраць нашага завода чыстага блакітнага колеру. На балконах падвешаны драўляныя скрынкі, у якіх красуюцца чырвоныя кветкі.
 I ўся вуліца, шырокая і прамая, як напятая струна, здаецца мне нейкай абноўленай і святочнай. А колькі колераў! Увесь горад сатканы з колераў, і ўсе яны, светлыя і чыстыя, нібы вымытыя вераснёўскімі росамі, лашчаць вока сваёй пяшчотай, радуюць сэрца.
 У скверы, праз дарожку, стаяць блакітныя доўгія лаўкі. На іх добра пасядзець спякотным днём пад густымі клёнамі. Ля ўвахода ў сквер цэлае лета прадавалі газіраваную ваду. Вада шумлівая, халодная, салодкая.
 А вось глядзяць на мяне і клічуць да сябе шырачэзныя, як неба, вокны ўнівермага.
 Усё так, як і раней, як і заўсёды. Але я толькі сёння думаю пра ўсё гэта. Думаю і сумую…
 У гастраноме я купляю пачастунак дачцэ. Хаця, калі я прыеду, яна будзе спаць. Я пакладу гасцінец пад падушку. А раніцай, калі мяне зноў не будзе дома, яна знойдзе пачастунак. Маці ёй скажа, што яго прывёз я, але яна не паверыць і будзе думаць, што прысніла яго ноччу. Я ўяўляю яе радасць, яе звонкі смех.
 Ля вакзала мяне сустракаюць аднавяскоўцы – Васька Таран і Пятро Абуховіч.
 Васіль працуе ліцейшчыкам. Ён ходзіць у кірзавых ботах, ссохлых, заношаных да бляску, і ў грубых штанах нейкага няпэўнага колеру. Яго пінжачок пакамечаны, палінялы, аж белы на плячах, са скручанымі ў трубку лацканамі. Сарочка ў Васіля стракатая, у чырвоную і жоўтую клетку. Васілёў твар, поўны і круглы, як футбольны мяч, чырвоны. На ім заўсёды гуллівая, нейкая бесклапотная ўсмешка. Але сам Васіль, я ведаю, сур’ёзны і разважлівы чалавек.
 Пятро Абуховіч таксама нядрэнны хлопец. Толькі сквапны вельмі. Можа, гэта ад прафесіі: працуе ён у магазіне «Мяса – малако» прадаўцом. Ён тонкі, бледны. У Абуховіча толькі вочы прыгожыя – любая дзяўчына пазайздросціць. Вялікія, цёмныя, яны і робяць прывабным яго схуднелы твар.
 Каторы ўжо год запар мы ездзім у адным і тым жа вагоне – у трэцім. I не таму, што гэты вагон нейкі асаблівы. Ён бывае ўсялякі, які прычэпяць. Для нас – абы трэці. Гэта адрас кожнага з нас у дарозе. А адрас у чалавека павінен быць пастаянны.
 Цягнік крануўся. Колы ўсё часцей і часцей пагрукваюць на стыках, за акном калышуцца тэлеграфныя слупы, плывуць правады. Галасоў пасажыраў не чуваць. Стаіць аднастайны гул. За акном плывуць зыркія агні, іх усё менш і менш, і хутка цягнік знікае ў цемры ночы.
 На наступным прыпынку нам выходзіць, а потым яшчэ кіламетры тры ісці праз поле да вёскі.
 Я гляджу ў акно і думаю пра жонку і дачку. У акне – чарната ночы. На небе, калі прыгледзецца, міргаюць зоркі. I мне нясцерпна хочацца, каб хутчэй ішоў наш цягнік.
(510 слоў)

Паводле Л. Гаўрылкіна.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений