Рыгор Барадулін — Бабуліна казка

Рыгор Барадулін

У цёмным,
У цёмным лесе
Старэла
Як грыб, хаціна.
Вясна
Па вяршалінах ледзьве
Кацёлку сонца каціла.
 
Стаяла сабе хаціна.
Жыла ў ёй
Каза ўдавою,
Адна на здобыч хадзіла 
Клопатаў мела даволі.
Бедненькія сіроткі,
Беленькія казляняткі, –
Летняю ночкай кароткай
Не стала
Іхняга таткі.
 
Са злымі-злымі вачыма,
З ікластаю
Пашчай-пасткай,
З’еў яго люты ваўчыла
І костачкі перахраскаў.
 
Чакаюць мамку сіроткі,
Не адчыняюць дзверы.
Казалі пляткаркі-сарокі,
Зноў ходзіць
Воўк-ненажэра.
 
Абыдзе мама
Свет з прысветкам –
Нясе дамоў вячэру дзеткам.
Пагрукаецца прыцемкам:
– Казлянятачкі,
Белянятачкі,
Адамкніцеся,
Адапрыцеся,

Адчыніце сенцы,
Прынясла вам мамачка
Поўна вымца малачка,
Поўны рожкі сенца.
Баялася мама за дзетак,
Наказвала дробным гэтак:
– Не прыцеся наабгонкі,
Усё разбярыце толкам.
Пачуеце
Голас тонкі,
Тады
Адчыняйце толькі.
 
 

* * *

Адкуль яно прыйдзе, ліха,
Не знала каза-шчыруха.
І раніцай ціхай-ціхай
Наказ яе
Воўк падслухаў.
 
За ўзгоркам яшчэ не зніклі
Бакі
Казы крутарогай,
Як воўк,
Ашчэрыўшы іклы,
Падсунуўся да парога.
 
Голасам грубым
Выводзіць з прыціскам:
 
– Казлянятачкі,
Белянятачкі,
Адамкніцеся,
Адапрыцеся,
Адчыніце сенцы.
Прынясла вам мамачка
Поўна вымца малачка,
Поўны рожкі сенца.
Шэпчуцца казляняткі:
– Не наша гэта матуля.

 

А воўк заводзіць спачатку –
Няўжо яны там заснулі?
Злуе,
Што малыя такія капрызныя.
– Казлянятачкі,
Белянятачкі,
Адамкніцеся, адапрыцеся,
Адчыніце сенцы.
Прынясла вам мамачка
Поўна вымца малачка,
Поўны рожкі сенца.
Старэйшы
Тады і кажа:
– Прыблуда ты, пэўна, нейкі.
Не адапромся –
У нашай
Матулькі голас таненькі.
 
З хаціны больш – ані гуку.
І як ні стараўся шэры,
І скробся,
І стукаў,
І грукаў –
Не адчыніліся дзверы.
 
 

* * *

Воўк сунецца,
Шчэрыць ляпу.
Прыпыніцца,
Бок пачэша.
Язык свой адцягне лапай –
Павінен зрабіцца танчэйшы.
 
Вярнуўся.
Ад злосці вые.
Хадзіў да хаціны яшчэ раз,
Зноў голас падвёў –
Малыя
Не адчынілі дзверы.

Хамыль-хамыль –
Падаўся ў хмыз.
З ялін раскалашмачаных
Глядзяць вароны зверху ўніз:
– Кар-рр!
Казляняткі смачныя?
Убок як ірвануўся ён,
А ўсё ля вуха – блізка чуў
Насмешны каркат
Злых варон,
Пакуль на ўскраек выскачыў.
 
На ўскрайку лесу старога
Стаяла кузня старая.
Стаяў там
І грукат, і скрогат,
Старэча-каваль стараўся.
 
Воўк глянуў –
Агонь шалее.
Каваль на кавадле звонкім
Напаленае жалеза
Расплясквае
Тонка-тонка.
Воўк глухне
Ад грукатні,
Крычыць кавалю гасціннаму:
– Ты мне язык адцягні
На тоненькую лісціначку.
Ды пастарайся
Як след.
 
Каваль і не кеміць быццам.
– Навошта гэта,
Сусед?
Анёлам
Хочаш зрабіцца?
 
– Жартаваць я не прывык.
Маю востры кожны клык!
Можа, сумняваешся?

Каваль-дурань,
Куй язык!
Каваль-дурань,
Куй язык!
Бо пасля пакаешся.
 
– Што ты зробіш з надаядлым
Ну кладзі ўжо на кавадла!
Як ударыць, як уперыць,
Сам сабе
Каваль не верыць.
– Вось дык я – чараўнік,
Адцягнуў ваўку язык
На тоненькую лісціначку,
На дрыготкую шапаціначку…
 
Воўк вясёлы:
– Добра,
Дзякуй!
Ты стараўся,
Моцна гакаў.
Мне ў дарогу час
Якраз!
 
 

* * *

«Хто мне ў цёмным лесе роўны?
Абдурыць сябе, старога,
Не дазволю казлянятам!»
Прэцца з усіх ног да хаты.
Грукаецца ў дзверы
Злодзей шэры.
Ну як не пойдзе
Ад радасці ўпрысядкі.
– Казлянятачкі,
Белянятачкі,
Адамкніцеся, адапрыцеся,
Адчыніце сенцы.
Прынясла вам мамачка
Поўна вымца малачка,
Поўны рожкі сенца. 

Як учулі голас тонкі,
Паскакалі наабгонкі,
Без аглядкі.
Адчыніліся –
Памыліліся
Казляняткі.
 
Воўк бегаў ад раніцы
Нашча
I толькі ў хаціну ўскочыў,
Раскрыў, як вароты,
Пашчу
Ды страшна вылупіў вочы.
Ледзве пераводзіць дух:
– Маю востры кожны клык!
На адзін мне мала глык
Шалапутаў двух,
Ух!
 
Казляняткам смерць прыйшла
З-пад прыпечка,
З-пад стала,
З-пад лаў шырокіх
Паглытаў,
Пахапаў
Бедных сіротак.
Адзін уцалеў белы хвосцік –
Ускочыў маленькі ў падмосце.
 
Праз шчылінку
Сочыць крадком,
Увесь ад страху трасецца.
Ані сястрычак,
Ані браткоў,
Ні мамкі,
Ні малачка,
Ні сенца.
Як мамка малых ні вучыла,
Ліхая прыйшла гадзіна.
 Як павярнуўся ваўчыла –
Ледзь не абярнуў хаціну.
 
Да возера за гарою
Пашыбаваў па ігліцы,
Каб паляжаць у спакоі,
Аддыхацца
Ды напіцца.
 
А сон каго хочаш зваліць,
Ваўка размарыла знячэўку.
Сапе,
Як той мех кавальскі,–
Аж гнецца к вадзе мячэўнік.
 
Хадзіла каза лугамі,
Варочала сена рагамі.
Уночы лівень прыспорыў –
I сена сохла не скора.
 
За лесам сонейка села,
Пакуль пасушыла сена,
Пакуль сучкоў наламала,
Дня белага стала мала.
 
Спяшалася беражком
Да дзетак трушком-бяжком.
Прыбегла –
Вачам не верыць,
Што сталася гэта з хатай?!
Расчынены насцеж дзверы.
Няма яе казлянятак!
 
Як грымне
Вобземлю дровы.
Як кіне
Сена на ганак.
– Нашто мне стагі, дубровы –
Няма белюськоў, бялянак.
 
Як ударыцца каза

Капыткамі.
– А за што ж мяне бяда
Напаткала?..
Несуцешная,
Як грукнецца рожкамі:
– А я ж бегла карацейшымі
Дарожкамі.
 
Знаёмы пачуўся голас,
Да мамы –
Малы з падмосця.
Расказаў ёй пра горкае гора
І пра нязванага госця.
– Праз яго,
Пракляты воўк,
Нам бяда ўся.
У які, скажы мне, бок
Ён падаўся.
 
А сцяжыначкаю ды імшанаю
Сын маленькі за мамкай спяшаецца.
Цераз віры,
Цераз яры
Дабеглі да адной тары.
Гару другую бачаць.
Ну воўк за той, няйначай.
 
Скакалі,
Часцілі,
Тупалі,
Нарэшце і да другой
Дабеглі.
Ну што б вы думалі?
Ляжыць гэта воўк гарой.
У жываце казляняткі шавеляцца,
Стукаюць, бедненькія, ў бакі,
Ды спіць воўк спакойна вельмі,
Язык свой сушыць
Паклаў на клыкі.
 
Ну, паспі, паспі.

Чакай!
Толькі вось у козачкі
Ні сцізорка,
Ні сучка,
Ні сярпа,
Ні косачкі.
 
Нападаць цяпер рука,
Раз –
I справа скончана.
Рогі мае.
I ў сынка
Толькі што адскочылі.
 
Як разгоніцца – ў жывот
Вострымі рагамі
Бух!
– От табе, пракляты,
От! –
Следам сын,
Адзін за двух.
 
Пакажацца з дзіркі
Пыска,
Пакажуцца з дзіркі
Рожкі.
Ратунак
Так блізка-блізка,
Чакаць засталося
Трошкі.
 
Каза тады рог заклала,
Жывот ваўку распарола.
Высыпалі кагалам
Дзеткі,
Нібы з-за парога.
 
Taгo ўссадзіла на плечы,
Той завязала хусцінку.
Азяблых,
Мокрых

Пад вечар
Нясла і вяла ў хацінку.
Аб камень рог
Натачыла,
Шкуру садрала хутка.
 
Так не прачнуўся ваўчыла
Ні казлянятак,
Ні футра.
 
На сэрцы ў казы вясёла.
На печку ўсіх падсадзіла:
Каторага –
На пяколак,
Каго –
На чарэнь неастылы.
 
Запела ім пра палянку,
Кожнага прыгарнуўшы.
Дала мурагу вязанку
I сырадою гарнушак.
 
Ходзіць мама –
Туп-туп,
A масніцы
Рып-рып.
Сенца дзеткі
Хруп-хруп,
Сырадойчык
Хліб-хліб.
 
На пухавых падушачках
I грэюцца і сушацца.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений