«Шляхціц Завальня…» — твор, у якім дзівосным чынам спалучаецца не толькі рэальнае і фантастычнае, але і эпічнае і лірычнае. У творы шмат пейзажных замалёвак і лірычных адступленняў. У доказ прывядзём тры ўрыўкі з твора і звернем увагу на багацце мовы, у прыватнасці сінтаксісу як сродку выяўлення багацця думак, пачуццяў. Насычанасць аднароднымі дапаўненнямі, развітымі дапасаванымі азначэннямі садзейнічае паўнаце апісання і выяўленню пачуцця захаплення, любові, удзячнасці, настальгічнага смутку па дарагім і незваротным.
Лірызм, узрушанасць і эмацыйнасць дасягаецца і клічнымі сказамі, і аднатыпнымі сказамі (пэўна-асабовымі, развітымі мноствам аднародных дапаўненняў), і паўторамі (памятаю, там), і злучнікавымі паўторамі і. Усё гэта ў спалучэнні з інверсіяй робіць мову рытмізаванай, што таксама спрыяе лірызму, выяўленню элегічнага настрою, стану душы, у якой спявае сум, у якой смутак светлы. Аўтарскі знак (працяжнік паміж аднароднымі азначэннямі) выяўляе філасофію пісьменніка, што маладосць і адпаведны стан душы ў тую пару — гэта не толькі найвялікшае шчасце, але і крыніца, адкуль чалавек потым чэрпае ўспаміны і сілы для пераадолення ўсіх нягод і няшчасцяў.
…Думкі мае, акрыленыя ўспамінамі, імчаць да празрыстых вод Палаты. Памятаю грандыёзныя купалы горада, які магу назваць родным, сціплую дахоўку святога для мяне будынка, яго доўгія калідоры і прыцемак свечак у вялікім касцёле, і хваласпевы пад яго стракатым скляпеннем, і працяжны гул арганаў, што ўлівае набожнасць у сэрца. Памятаю пляц, запоўнены людам у час чуллівае працэсіі з образом Святога Немаўляці, і знаёмае гучанне прыемнае музыкі з касцельнага ганка; памятаю нашых добрых настаўнікаў і адданых сяброў, высокі вал і мост над задуменнаю рэчкаю, і ля самотнага слупа сярод залатога калосся роўны пясчаны гасцінец да Спаса, і нявінныя гульні на зялёным выгане, і спякоту прамяністага сонца, і халадок густога гаю, і блакітнае неба, і чысціню душы, маладой, бясхмарнай — шчаслівай! Там, там калыска мае маладосці!
…Край, дзе чалавек жыў у шчаслівую пару свае маладосці, дзе ў размовах і забавах сустракаў сапраўдную шчырасць і даверлівасць душы зычлівых і добрых сяброў, настаўнікаў і маладых прыяцеляў, — гэты край у памяці ў выгнанніка заўсёды паўстае ў найпрыгажэйшых колерах; там, здаецца, яшчэ не скончыўся той залаты век, калі чалавек не разумеў, што такое нядоля і пакуты; і рэчкі там з малака і мёду. Хто ж з краёў далёкіх не сумуе па сваіх ваколіцах? Там нашыя жаданні і думкі жывуць; туды хацеў бы ляцець я на крылах!..
…Найпрыемнейшы ў жыцці чалавека час — вясна маладосці, калі, раскрываючы кветку свайго розуму, ён дае волю лятункам, песціць у сэрцы вялікія надзеі, не думаючы пра тое, што ёсць на свеце віхуры і страшныя буры, якія часта нішчаць усе чалавечыя намеры; гэтая шчасная пара мае дзіўную прывабнасць, дорыць чалавеку адчуванне нейкіх незвычайных райскіх уцех.
…Падсоўвалі руку пад абрус, выбіралі наўдачу даўжэйшую сухую сцяблінку; паказвалі адно аднаму, загадвалі, ці высокі будзе наступнаю вясною расці на полі лён, а паненкам прадказвалі хуткае замужжа. Шукалі пад сенам зярнятак жыта, пшаніцы ці іншага збожжа, бо я но, выпадкам знойдзенае ў гэты вечар пад сенам, вешчавала вялікія ўраджаі.
О, салодкія ўспаміны забаў і звычаяў роднай зямлі! Як кароткае шчасце, як прыемны сон, як вера бацькоў! Навек застануцца яны ў памяці. Яны — наймілейшая забава самотным думкам; па іх сумуе, як выгнанніца з раю, заклапочаная душа.