Цэлы акіян інфармацыі захоўвае і аднаўляе пры неабходнасці чалавечая памяць. Але і пры яе дасканаласці нам іншы раз цяжка запомніць граматычныя правілы, законы фізікі, гістарычныя даты і рыфмаваныя вершаваныя радкі.
Неяк давялося пабываць на ўроках гісторыі ў адной школе. Некаторыя вучні літаральна здзіўлялі сваёй выдатнай памяццю, Яны помнілі многае з пройдзенага ў самым пачатку навучальнага года і нават з мінулагодніх курсаў па гісторыі. Іншыя з цяжкасцю ўспаміналі агульнавядомыя гістарычныя даты. А між тым яны добрасумленна і ўдумліва рыхтаваліся да гэтага ўрока-эксперымента па праверцы памяці.
Чаму ж часам падводзіць памяць? Яна, вядома ж, індывідуальная і залежыць ад многага: ад здольнасцей, ад тыпу нервовай сістэмы, фізічнай падрыхтоўкі, сабранасці, умення дакладна спланаваць свой дзень, любові да літаратурнага чытання. Важную ролю ў паляпшэнні памяці адыгрывае і яе трэніроўка. Менавіта трэніроўка, штодзённая і пастаянная.
Калі трэба запомніць інфармацыю вялікага аб’ёму, то спачатку варта азнаёміцца з ёй цалкам, а потым разбіць на часткі і ўстанавіць паміж імі лагічную сувязь. У кожнай частцы варта вылучыць галоўную думку. Гэтыя думкі стануць апорнымі пунктамі, калі вы будзеце паўтараць матэрыял як адзінае цэлае. Такая апрацоўка інфармацыі развівае сэнсавую, лагічную памяць.
Яшчэ парада: трэба чаргаваць запамінанне з прыпамінаннем. Удумаўшыся ў змест адной-дзвюх частак, прыпомніце, пра што ў іх гаворыцца. А потым, абапіраючыся на галоўныя думкі, успомніце ўвесь матэрыял цалкам. Будзе значна лягчэй успомніць увесь «ланцужок» асноўных думак, калі кожнае яго «звяно» пры запамінанні звязаць з якім-небудзь яркім зрокавым вобразам.
Як лепш запамінаць? Можна, напрыклад, шмат разоў паўтараць матэрыял на працягу дзвюх-трох гадзін або больш. Такое «залпавае» запамінанне вялікага тэксту мэтазгодна, калі матэрыял спатрэбіцца ўзнаўляць у бліжэйшы час – заўтра-паслязаўтра. Калі ж інфармацыю трэба засвоіць трывала і надоўга, то лепш «расцягнуць» у часе колькасць паўтарэнняў. Прычым спачатку рабіць кароткія інтэрвалы паміж паўторамі, а потым паступова іх павялічваць.
Паўтараючы той або іншы матэрыял, карысна запісваць асноўныя думкі, прагаворваць тэкст услых. Пры гэтым выпрацоўваецца звычка абапірацца на вобразы. Калі неабходна запомніць лічбы, варта карыстацца спосабам групоўкі. Лічбы запомніць адразу цяжка, але варта іх уявіць у выглядзе нумара тэлефона, як яны трывала зафіксуюцца ў памяці.
Такім чынам, каб механізмы нашай памяці заўсёды заставаліся гібкімі, іх трэба пастаянна трэніраваць. Адвядзіце для гэтага ў агульнай складанасці адну гадзіну ў дзень або хаця дваццаць – дваццаць пяць мінут. Улічыце, што прадуктыўнасць мяняецца на працягу дня. Памяць найбольш моцная і вострая паміж васьмю і дванаццаццю гадзінамі дня. Потым прадуктыўнасць запамінання пачынае паступова зніжацца, а з сямнаццаці гадзін зноў паволі расце і дасягае высокага ўзроўню ў вячэрні час, прыкладна к дзевятнаццаці гадзінам.
Падабраўшы літаратуру, якая дапаможа адказаць на пытанні, вызначце, які спосаб успрымання інфармацыі з’яўляецца для вас асноўным. Для гэтага адзін невялікі ўрывак тэксту прачытайце самі сабе. Другі – услых, з інтанацыяй, выразна. Трэці ўрывак запішыце на аркушы паперы. Чацвёрты можна запісаць на магнітафон, а потым праслухаць. Цяпер прааналізуйце, які ўрывак тэксту запомніўся лепш. Прачытаны ўслых? Значыць, для вас найбольш падыходзіць менавіта такі спосаб успрымання інфармацыі, ім вы зможаце карыстацца заўсёды, калі трэба штосьці хутка запомніць.
Зразумела, што абсалютна ўсё запомніць немагчыма. Таму з вялікага аб’ёму інфармацыі неабходна выбіраць найбольш істотную.
(493 словы)
Паводле М. Лібінтава.