Культ каменя са старажытных часоў быў вельмі трывалым. Ён мацаваў веру чалавека ў найвышэйшую сілу і тым самым надаваў той жа сілы і яму самому. Сівыя даўнія валуны, якім пакланяліся ўсходнія славяне, шмат дзе засталіся некранутымі і данеслі да нас сімвалічныя сляды запаветных таямніц. Нездарма тыя камяні называюць следавікамі.
Камяні, на жаль, не гавораць. А калі б маглі гаварыць? Што б маглі расказаць нам цікавага і неверагоднага? Але, напэўна, шмат якіх легенд, якімі часта абрастаюць камяні.
Валун-следавік у Каралёва-Мастоўскім лясніцтве памерам два на паўтара метра над зямлёй узвышаецца толькі нязначнай сваёй часткай (сантыметраў пяцьдзясят), а вось у зямлю паглыбіўся добра. Плоскую паверхню каменя зрэзалі шрамы-трэшчыны, а невялікія паглыбленні надта ж нагадваюць сляды жаночай ступні. Прычым адзін нагадвае адбітак босай, а другі – абутай ножкі. Вось што распавядае нам пра гэта легенда.
Ішла неяк Маці Божая праз пушчу. У яе скураным чаравічку ўвесь час штосьці муляла. Трапіўся якраз ёй на вочы камень. Спынілася яна каля яго, каб разуцца і выкінуць тую дакучлівую парушынку, што муляла ўсю дарогу нагу. Стала яна на камень – на ім і адбіліся два розныя сляды.
Тутэйшыя жыхары даўно ведаюць пра таямнічы валун, а месца, дзе ён знаходзіцца, лічаць святым. Дажджавой вадой, што збіраецца ў слядах, апалоскваюць твар, прамываюць вочы, націраюць хворае месца. Кажуць, што тая вада лечыць і дапамагае. А той, хто шукае ў камені энергію для ачышчэння, знаходзіць і яе. Калі дакрануцца да каменя кончыкамі пальцаў, адчуваецца, як па іх нібыта прабягае ток, а цела ахоплівае незвычайная хваля лагоды. Людзі і сёння прыносяць сюды свае ахвяраванні: велікодныя яйкі, булкі, цукеркі і нават грошы. Цікава, што пакінутую на камені ежу не чапаюць ні звяры, ні птушкі. Калі ж дараванні кладуць пад суседняе дрэва, то яны знікаюць у наступную ноч.
Жыццё і час сведчаць, што камяням не толькі пакланяюцца і вераць у іх незвычайную сілу, часам пад імі шукаюць і схаваныя скарбы. Пад гэтым белавежскім валуном таксама шукалі залатыя шлем і шаблю, бо на гэта месца паказвала адна з легенд. Але камень быў скупым і не аддаваў свайго скарбу.
Легендамі, нібыта мохам, аброс і стары валун ля вёскі Ясень. Ляжыць ён на ўскрайку поля і нагадвае вялізны куб, з якога ў неба ўзнесліся конь з наезніцай. I засталіся толькі сляды конскіх капытоў і акамянелы след жаночай нагі.
Здаўна камень здзіўляў незвычайнай аўрай. Над ім заўсёды панавала нават сваё надвор’е. Калі, скажам, недзе побач ішоў дождж, дык над каменем ярка свяціла сонца. Спрадвеку ішлі сюды прасіць дажджу. У страшную сухмень, калі ўжо ніякія малітвы не дапамагалі, жанчыны з вёскі раніцай збіраліся ў адной з хат. За дзень яны павінны былі напрасці кудзелі, зрабіць аснову і выткаць ручнік. Потым крыжовым ходам накіроўваліся да валуна, маліліся, прасілі дажджу. Камень абмывалі святой вадой і выціралі ручніком. У тую ж ноч ці ў першыя тры дні абавязкова ішоў дождж.
Можа, маюць рацыю тыя, хто сцвярджае, што ў такіх месцах калісьці былі язычніцкія капішчы, а камяні служылі алтаром для ахвяраванняў.
(476 слоў)
Паводле Г. Малей.