Да цябе прыбеглі гуртам мы,
У цябе пытаемся, у зімы:
– Ты куды падзела кветкі і мурог,
Ты куды схавала дзеразу і мох?
Ты чаму заснежыла поле і лясы,
Дзе багун і папараць, верасы?
– Ах, мае вы смешныя! Так, як вы,
Не кранала кветак я і травы,
Не зрывала папараць і багун:
Я усё ад холаду берагу.
Кветкам і травіцы сняцца сны –
Я прыкрыла шчыльна іх да вясны,
Ткала коўдру белую я сама…
Пэўна, у вас пытанняў больш няма?