Нешта нібы зашоргала па сцежцы наперадзе ад мяне, як быццам далекавата. Прыпыніўся я, прыслухаўся, але нічога больш не пачуў. Праз нейкую хвіліну – зноў такое ж шорганне, але ўжо трошкі бліжэй. Рызыкуючы тым, што абаб’ю на сцежцы схіленыя каласы, я ледзь не бягом рушыў насустрач гэтаму пакуль што незразумеламу гуку. Чамусьці вельмі пераканальна здалося мне, што гэта матуля крочыць жытняй сцежкай дадому, з прыпынкамі, а можа, і з вымушанымі адпачынкамі.
Прабег полем, расхінаючы рукамі каласы, потым зноў прыслухаўся: нідзе нічога не чуваць і нікога не відаць. Над усім пануе цішыня і спакой. Далей пакрочыў ціха і каласы адхіляў асцярожна. Праз хвіліну нечакана ўбачыў: стаіць матуля ў жыце крыху воддаль ад сцежкі, каля ног – маленькі кошык, накрыты ручніком, які сама некалі выткала, у руках – пераспелы жытні колас.
Я спыніўся непадалёку і стаю, гляджу, я рады, што маці перада мною, і не ў бядзе яна, не ў журбе. Вялікі чатырохгранны колас, ужо нават з адсохлымі вусікамі, ляжыць на прыгнутай маршчыністай далоні, а маці глядзіць на яго, любуецца, нібы шкадуе чапаць. I мне ўявілася: вось толькі дзьмухні на яго – усе зярняты асыплюцца, а як потым збярэш іх?
Маці ўсё ж бярэ колас у пальцы, паціху трэ яго, зярняты, нібы адшліфаваны бурштын, сыплюцца на далонь, мама дзьме на іх, своеасабліва і звычна складваючы трубачкай губы, быццам астуджвае гарачую ежу, глыбокім удыхам набірае ў лёгкія паветра. Так яна тушыла некалі агонь у лямпе, дзьмухала на вуголле, каб распаліць сыраватыя дровы ў печы. У памяці засталіся матчыны вусны трубачкай яшчэ з тых часоў, калі яна астуджвала ў кубачку гарачае малако і паіла мяне з лыжачкі, ратуючы ад кашлю і ад нечаканай хваробы.
I ледзь не ўсё маё жыццё раптам прамільгнула перада мною. Уяўлялася, што ў матуліных вуснах не адбылося ніякай змены за ўсе гады, бо яна ніколі не звяртала ўвагі на свае маршчыны. Яе вусны ўсё такія ж, зусім нязменныя, адзіныя на ўсім свеце. I дзьмуханне іх заўсёды патрэбнае, гаючае.
Цяпер матуля здзьмухвала з зярнят сухую мякінку. Дзьмухала паціху, а мякінка паслухмяна аддзялялася ад зярнят і злятала. Пераклала зярняты з далоні на далонь, яшчэ трохі дыхнула на іх і сыпанула ў рот. Павольна нагнулася, узяла ў рукі кошык з вышываным ручніком, выйшла на сцежку і тут убачыла мяне. Здзівілася і рада, а добра ўсміхнуцца і сказаць слова не можа: зярняты замінаюць.
Мы пайшлі ціха па сцяжынцы. Я ўзяў у адну руку кошык, а другою стаў падтрымліваць маці пад локаць. Сцежкі нам было мала па шырыні, але калі ісці асцярожна, то можна не патаптаць жыта. Я не спяшаўся распытваць, чаму мама спазнілася і вяртаецца дадому не той дарогай, а чакаў, пакуль яна пажуе зярняты. Сам выхапіў з коласа, што вісеў над самай сцежкай, некалькі зярнят і ўкінуў у рот. Маці заўважыла гэта і ласкава ўсміхнулася, усё яшчэ не могучы гаварыць.
(455 слоў)
Паводле А. Кулакоўскага.