Юрка выехаў са сваім самазвалам і пачаў вазіць пясок на будаўнічую пляцоўку. Каля яе была вялікая лужына, налітая за ноч дажджом. У вадзе плавала некалькі пажоўклых лістоў з таполі, а Юрку яны здаваліся караблямі на хвалях яшчэ нікому не вядомага мора.
Хлопчык вазіў пясок і пазіраў на вокны і балконы суседняга дома. Там жылі Сашка і Жэня. У Жэні ёсць пад’ёмны кран, а ў Сашкі экскаватар. З імі работа пойдзе весялей. Яны ўбачаць, што Юрка ўжо выехаў, і адразу прыбягуць.
Але чаму так доўга няма Галі? Яна ж заўсёды прыходзіла першая, чыркала трэсачкаю па зямлі, паказвала, дзе трэба капаць катлаван, дзе ставіць комін электрастанцыі, дзе пракладаць дарогі. Галя ўсё ведала. I Юрка, і Сашка, і Жэня слухаліся яе, бо ў Галі мама – інжынер і начальнік участка.
Хутка прыбег Жэня з кранам на вяровачцы. На хлопчыку былі блішчастыя гумавыя боцікі, і ён не абыходзіў ніводнае лужыны, толькі пырскі ляцелі на ўсе бакі.
– Што будзем рабіць. Юрка? – запытаў Жэня і паставіў на зямлю дзве высокія вузкія бляшанкі. – Давай ставіць калоны. Вось тут.
– Пачакаем Галю, яна скажа, што рабіць, ды і Сашкі няма. Жэня прысеў на зямлю і пачаў круціць ручку свайго крана. Гэта ён правяраў, ці добра працуе машына.
Юрка прывёз яшчэ два разы пяску, высыпаў яго, а Галі ўсё не было.
З Дзвіны дзьмуў вецер, плылі нізкія хмары, кружыліся пажоўклыя лісты, падалі ў лужыну і пад ногі хлопчыкам. За пасёлкам паміж высокіх белых дамоў гулі маторы гружаных самазвалаў, адтуль даляталі сігналы вежавых кранаў, там адзін за адным ішлі аўтобусы на будаўніцтва завода. А Жэню і Юрку было сумна – удвух не гулялася.
– Юрка, Жэня! Пусцілі! Зараз прыбягу! – пачуўся Сашкаў голас. Яго кірпаты носік тырчаў у адкрытай фортачцы вялікіх балконных дзвярэй.
– Хадзі хутчэй! – узрадаваўся Юрка…
Сашка цягнуў па шурпатай асфальтаванай дарожцы перавернуты дагары экскаватар і адразу пачаў апраўдвацца:
– Мама не пускала – кажа, холадна. А я ўбачыў вас і выпрасіўся… Галя сягоння не прыйдзе. У яе баліць горла. Давайце гуляць адны.
Яны пракапалі неглыбокія круглыя ямкі, Жэня падчапіў пад’ёмным кранам бляшанку, а Сашка памахваў рукою і паказваў, куды яе ставіць. Потым Юрка прывёз самазвал пяску, і яны з усіх бакоў абсыпалі «калону», каб не перакуліў вецер.
Але без Галі работа не ладзілася: Юрка гаварыў адно, Жэня – другое, а Сашка мыў свой экскаватар у лужыне.
– Давайце сходзім да Галі. Разам будзе весялей, – сказаў Сашка.
– Хадзем, адразу згадзіліся Юрка і Жэня.
На ўсходцах забразгалі колцы самазвала, крана і экскаватара. Сашка пазваніў у Галіну кватэру.
Дзверы адчыніла бабуля і гукнула ўнучцы:
– Галя, глядзі, хто да нас прыйшоў!
З пакоя выбегла дзяўчынка і запрасіла:
– Праходзьце сюды, праходзьце… Ой, як добра, што вы прыйшлі. У мяне есць кубікі. Будзем з іх ставіць дамы.
– І мы сходзім па свае, – сказалі хлопчыкі і выбеглі ў калідор.
Праз некалькі хвілін яны ўжо сядзелі на паркетнай падлозе і з кубікаў, з пустых карабкоў ад запалак ставілі дамы, а з папяровых палосак пракладвалі вуліцы і тратуары.
Новы горад рос на вачах. Абапал дарогі стаялі дамы і школы, слупы з электрычнымі правадамі. Галя разаслала блакітную хусцінку:
– Гэта ў нас будзе рака.
– А каля ракі – завод, – дадаў Юрка. – Давайце зробім, каб ён быў прыгажэйшы за той, сапраўдны.
Каля завода пракладзём чыгунку і мост, азваўся Жэня.
Хутка па чыгунцы ўжо імчаліся і гулі цягнікі.
Усім было весела, і Галя нават забылася, што хворая.