А я дагэтуль веру ў казкі,
Хоць казкі розныя былі,
То з ласкаю, а то без ласкі,
З дабром і з горам на зямлі.
Я казкам веру, як і верыў,—
Без казак холадна душы.
А часам нейкія хімеры
Мне шэпчуць: «Лепш не варушы
Сваіх балючых успамінаў,
Жыві для радасных надзей,
Што толькі суцяшаць павінны
I сэрца хваляваць радзей».
Я часам сам сабе не веру,—
Дзе ява, дзе трызня, дзе сон,
А казкі пра ліхога звера
Трывожаць і да гэтых дзён.
То ў казках ажыве яскрава
Усё, што цешыла раней,
Але бывае часам ява
За казку страшную страшней.
Жыццё спяшаецца імкліва,
Гарыць, то тлее каганцом.
Я веру ў казкі са шчаслівым
I непрыдуманым канцом.
1986