Сяргей Грахоўскі — Мінае лета

Сяргей Грахоўскі

Апошні дзень вясны закрэслю
У перакідным календары,
А ты мне за любоў і песню
Усмешку толькі падары.

Нас грэлі цёплыя пракосы,
Над намі воблакі плылі,
Як з келіха, ад смагі росы
З лілеі белае пілі.

На досвітку шаптала вецце
Нам зачарованыя сны,
Нібыта у дзівосным свеце
Былі з табою мы адны.

А тое лета так далёка,
Што нават не хапае слоў,
I толькі не сціхае клёкат
Шчаслівых, як і мы, буслоў.

Успамінаю і не веру:
Было яно ці не было –
Лілеяў водар і аеру,
I бусла белае крыло.

Навошта патрывожыў сёння
Расінку, што сплыла з павек?
Мінае лета. I на сконе
Шчаслівы наш і горкі век.

1995

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений