Дачакаліся пасла –
З цёплай Афрыкі бусла.
Ён жыхар палескіх сёл,
А ў Алжыры – наш пасол.
Там ён кожны год зімуе,
А як толькі засумуе
Па балотах і лясах,
Прылятае дужы птах
Да уласнага гнязда,
Хоць вясновая вада
Затапіла ўсе лугі,
Ціхіх рэчак берагі.
А як вецер залютуе,
Бусел дом адрамантуе:
Прынясе трысцё, галінкі,
Поўсць і мяккія былінкі,
Каб не знаць у доме ліха,
Каб выседжвала бусліха
Без трывогі і без страт
Самых дружных буслянят.
Бусел не сядзіць на месцы,
Бо буслісе трэба есці.
Ён з балота прынясе
Пачастункі ёй усе.
Будуць дзеці падрастаць,
Ён навучыць іх лятаць,
А нагоніць восень хмары,
Бусел паляціць у пары
Да наступнае вясны.
Побач – дочкі і сыны
Распластаюць крылы ўшыр,
Рым пабачаць і Алжыр,
А ў красавіку ізноў
Вернуцца ўсе дамоў,
Прыляцяць і дзеці з імі
Да любімае Радзімы.