Сяргей Грахоўскі — Стары млын

Сяргей Грахоўскі

Не пытаюся, куды вядзе дарога.
Калі ёсць, дык некуды вядзе…
Можа, да млына таго старога,
Што ужо не меле, а гудзе

Вецер у пустых кашах і скрынях,
Зарастаюць мохам латакі,
I ляжыць на бэльках, быццам іней,
Пыл калісьці змеленай мукі.

Не, не збіўся. Прывяла дарога:
Млын дрыжыць адбіткам на вадзе.
Пагукаў, але няма нікога,
Нават следу не відно нідзе.

На прантах парэпаліся жорны,
Пацукоў цікуе кот рабы,
На прыступках і ў паддашшы чорным
Стогнуць і жыруюць галубы.

А было ж завознікаў памногу,
Жорны аж да поўначы гулі,
I вазы ў далёкую дарогу
Везлі мліва цёплыя кулі.

Паглядзеў на млын, нібы на страту
Даўніны забытай і нямой,
I сумеўся, разабраўшы дату,
Што забыты млын — равеснік мой.

1987

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений