Сябрам-паэтам
Мы як умелі, так хлусілі
Пра новы ўзлёт увышыню
I па рэдакцыях насілі
Сваю дзяжурную хлусню.
Нягоднікам складалі гімны,
Зладзеяў славілі ў свой час,
А шлях ужо крывава-дымны
Быў наканованы для нас.
Сурова дом глядзеў пахмуры,
I енкі чуліся часцей,
A ўверсе маці на скульптуры
Пяшчотна гладзіла дзяцей.
I нас сяржанты абдымалі,
Заткнуўшы кляпамі раты,
Наводліў білі і ламалі
Суставы, рэбры і хрыбты.
I кідалі ізноў за краты,
Саджалі голых на калкі,
А ноччу везлі ў Курапаты
Трэніраваныя стралкі.
Тупыя каты толькі ноччу
Жыццё укарачалі нам…
А як цяпер глядзяць у вочы
Яны і дочкам, і сынам?
З нас мала хто прыйшоў дадому
З бясконцай лютае зімы,
I не адзін паэт вядомы
Замоўк на трасах Калымы.
Ад крыўды я дасюль нямею,
Што не гудуць па іх званы
I што сказаць пра ўсё не ўмею
Так, як сказаць маглі яны.
Данос дарэмна нехта строчыць,
Каб зноў заткнулі кляпам рот.
Не-е! Праўда нам адкрыла вочы
I выпрастала ў поўны рост.
Звароту больш ужо не будзе
У той, даўно пракляты год,
Калі людзьмі пастануць людзі,
Народам стане наш народ,
Калі замучаных мільёнаў,
Што толькі вызваліла смерць,
На чорным мармуры імёны
I ў сэрцах будуць палымнець.