Адшумела лета
Роснымі лугамі,
Апусцела поле,
Нівы адцвілі.
Праплываюць хмары
Нізка над стагамі,
I ляцяць у вырай
З крыкам жураўлі.
На рабіне скачуць
Шустрыя сініцы,
Пад дажджом намоклі
Клёны і дубы.
Наліліся сокам
Спелыя брусніцы,
I каля дарогі
Выраслі грыбы.