Трылогія «На ростанях». Кніга другая. У глыбі Палесся.Частка другая. На новым месцы

Якуб Колас

   Вёска Выганы была за пяць кіламетраў ад Пінска. Шырокі пляц раздзяляў дзве вёскі, Выганы і Высокае, а на пляцы — прыветна бялела школа шырокімі аканіцамі. Лепшай пазіцыі для яе, здаецца, нельга было і знайсці. Лабановіч любіць сваю новую школу. Задаволены ён і сваёй новаю кватэраю (не параўнаць з цельшынскаю): тры светлыя, прасторныя пакойчыкі, адрамантаваныя, пабеленыя, чысценькія. У кухні жыве старожка Ганна з дачкою Юстай.  

   У кухні адбываецца вялікая пакута чалавечай душы. Людзі могуць толькі паспагадаць, але ўзяць на сябе частку людскога гора ніхто не хоча. Пужліва стаіць Ганна і сэрца яе калоціцца. Першы раз Лабановіч бачыць такую непрыгожую жанчыну. Маленькія піўныя вочкі глыбока ў лоб заходзяць. Але гэта яшчэ нічога, — нос, вось дзе ўсё няшчасце беднай жанчыны. Носа, можна сказаць, і няма: пярэдняя частка яго правалілася; тырчыць каля вачэй агрызак носа. Бязноссе робіць твар жанчыны пачварным, а голас гугнявым. Як нейкі праклён, носіць на сабе грэх бацькоў сваіх — спадчынны сіфіліс.  

   Ганна зацяжарала ад настаўніка, які працаваў у гэтай школе да Лабановіча, баялася працівіцца, каб месца не страціць, бо хто заступіцца за яе? Яна ўсе гэтыя месяцы і дні жыла ў вялікім страху, што новы настаўнік выганіць яе са школы, пазбавіць працы, а значыць, і кавалка хлеба і яе, і яе дзяцей. Калі ж Лабановіч выплаціў ёй грошы і за летнія месяцы, яна плакала ад радасці, бязмернай удзячнасці і гора. І як сказаў а. Мікалай, гэтым сваім першым канкрэтным учынкам Лабановіч заваяваў сімпатыі сялян. На здзіўленне настаўніка, як можна было інакш абысціся з няшчаснай жанчынай, а. Мікалай адказаў пераканана: «і ўсё ж такі вы — гуманны чалавек».  

   Настаўніцкая практыка дапамагае Лабановічу шукаць новыя шляхі да дзіцячых душ, новыя формы навучання. Ён пакуль што больш гуляе з дзецьмі, чым вучыць іх — няхай асвойваюцца з вучнёўствам. Кемліваму хлопчыку, сіраце Алесіку Грылюку, купіў мультанавую кашульку і паясок, бо старая ў яго падраная, нямытая, заношаная. На школьным двары ў часе перапынку стрыжэ настаўнік сваіх маленькіх вучняў. Тут жа стаіць сподачак з газаю і вата. Астрыжэ — памочыць вату ў газу і выцірае вашывыя галовы. Вошы адразу пруцянеюць. Потым пад наглядам настаўніка вучні мыюць астрыжаныя галовы, твар і вушы.  

   …Ад памочніка пісара дазнаецца Лабановіч аб прычынах незвычайнага руху каля піўнушкі. Так старшыня Захар Лемеш рыхтуе сабе ў межах воласці грунт, шчодра заліваючы горлы прагавітых на выпіўку сваіх выбаршчыкаў. Захар дажывае апошнія моманты свайго старшынскага трохгоддзя, яму карціць, каб застацца старшынёю яшчэ на тры гады. На гэта ў яго ёсць многа сваіх меркаванняў, але галоўнае — адстаршыняваць адразу, без перапынку, тры тэрміны, і тады ён заслужыць пачэсны каптан. З земскім начальнікам у яго добрыя адносіны, бо з яго кішэні сёе-тое перайшло ў кішэню земскага. Цяпер справа толькі за выбаршчыкамі.  

   …Зборня гудзе ад людскога шуму, дрыжыць нават. Захар трохі і нервуецца, але потым, калі ўсе ў адзін голас на пытанне земскага, каго хочуць за старшыню, зараўлі, што Лемеша, той улучае добрую мінуту і міргае пісару, паказаўшы кончык языка.  

   І раптам у канцылярыю ўрываецца, як бура, Цімох Жыга. Вочы яго дзіка варочаюцца, валасы ўскудлачаны. «Грамада! — крычыць Цімох, — ужо выбралы? Захара Лемеша? Kагo вы выбралы? Яшчэ мала выпіў з вас крыві? Сто рублёў прапіў! Земскаму падсунуў!..»  

   Старшыня, як драпежны звер, кідаецца на Цімоха, дзесяцкія ўпіхваюць Цімоха ў чорную дзірку халоднай, дзверы ў якую ім паслужліва расчыняе дзед Піліп. Палешукі чухаюць галовы. A Цімох бушуе, лаецца…  

   Дзяк Бацяноўскі зусім іншага, чым а. Мікалай, меркавання пра Лабановіча. Многа чаго ў настаўніку здаецца яму дзіўным. A калі да настаўніка пачаў хадзіць селянін з Высокага Аксён Каль, — Бацяноўскі зрабіў выснову: дэмакрат і смуцьян. Лабановіч сам запрасіў Аксёна да сябе, калі пазнаёміўся з ім у воласці, бо ў таго ёсць свае думкі, якія займаюць настаўніка. Слухаючы Аксёна, углядаючыся ў яго прыгожы, энергічны твар, думае: «Кім бы ён мог быць, каб яго натура ва ўсю разгарнулася?» і Аксён вынікае перад ім то строгім пракурорам за грамадскія справы, то ўдалым атаманам, бязлітасным помснікам за сялянскую крыўду.  

   Аксён верыць у праўду, у тую адвечную праўду, якой так прагне народ, але якая за сямю замкамі схавана ад яго. Ён дабіваецца праўды. Пан Скірмунт з Альбрэхтава прыбраў да рук сялянскія затокі на рэчцы і цяпер ім жа здае іх у арэнду. Дванаццаць гадоў судзяцца яны з панам Скірмунтам. Аксён Каль выступаў ад грамады як давераная асоба. Хадзіў па судах, пачынаючы з акружнога, і давёў справу да сената, але там яна і захлынулася, бо ўсюды пан цягне за пана. Цяпер гэтыя затокі арандуюць пяць заможных гаспадароў, у тым ліку і Захар Лемеш. Аксён прайграў сялянскую справу. Арандатары ж і распускаюць пра яго ўсялякія чуткі як аб авантурніку, якому патрэбны толькі сялянскія грошы, бо хто ж ідзе супраць закона? Аксён не любіць іх як здраднікаў сялянскай справы і сваіх асабістых ворагаў. Яго ведае ўся воласць, ведае і земскі начальнік як чалавека неспакойнага і небяспечнага. Не дае Аксён задрамаць сялянам, катурхае, будзіць іх грамадскую думку, кідае новыя мыслі, падымае на змаганне з няпраўдай.  

   Лабановіч вучыць Аксёна Каля грамаце, але не гэтая навука складае змест іх вечароў — першае месца адводзіцца гутаркам на тэмы палітычнага характару. Кніжачка, знойдзеная настаўнікам на ганку школы, зрабіла цэлую рэвалюцыю ў яго свядомасці. Усе тыя ўяўленні пра цара як памазаніка божага, персону справядлівую, для якой галоўнае — інтарэсы народа, кожнага самага апошняга бедняка, — развейваліся ў прах. Усё біла ў адну цэль — разбурыць веру ў добрага цара. У кніжачцы даваліся так званыя царскія рэформы ў зусім новым асвятленні. 

   Асэнсаваўшы ўсё прачытанае, Лабановіч падзяліўся сваім адкрыццём з Аксёнам. Вельмі здзівіўся той, пачуўшы ад настаўніка, што самы большы вораг народа ёсць цар. Траціць веру ў цара для Аксёна нявыгадна і з чыста практычнага боку: яго не пакідала надзея адваяваць затокі ад пана Скірмунта, а для гэтага заставалася апошняе — падаць прашэнне на імя цара.  

   Неўзабаве да іх далучыліся бацька і сын Бязручкі. Гаварылі пра многае: пра стан народа, прывольнае жыццё паноў і начальства, ашуканствы і здзекі з народа, прычыны, што выклікаюць такі парадак у свеце; што трэба рабіць, каб адваяваць сваё права.  

   Лабановіч адчуў, што аб яго патайной рабоце ўжо ходзяць чуткі.  

   Дзяк Бацяноўскі сочыць за ім, пісар Дулеба раіць кінуць «гэту цёмную работу» і лепш наладзіць хор у царкве, дзе ён сам спявае з кліраса і чытае «Апостала» ў час набажэнства. Дулеба даводзіць Лабановічу, што сталы чалавек ніколі не пойдзе за тымі, што раскідваюць «паскудныя лісткі». За імі ідзе толькі «злодзей, гультай і наогул усякі аматар да лёгкага хлеба». А сталы чалавек заўсёды знойдзе спосаб, як жыць на свеце, і калі будзе дабівацца чаго, то свайго даб’ецца. «Ты яшчэ не ведаеш людзей, — павучаў Дулеба, — той, за каго ты распінаешся сёння, прадасць цябе заўтра. І грошы возьме, і барыш вып’е. Вось тады і зразумееш ты ход жыцця».  

   У студзені 1904 г. пачалася вайна з Японіяй. Газеты казённага кірунку стараліся раздзьмуць патрыятызм і пасеяць нянавісць да японцаў. Тэлеграмы з вайны на царскае імя пісалі, як нашы пасеклі то роту, то эскадрон японцаў і што дух нашага войска «превосходный». У той час, калі ў японцаў былі цэлыя горы трупаў, нашы страты былі зусім нязначныя. Але прайшло некалькі месяцаў, і спачатку глуха, а потым галасней пайшлі чуткі пра злачынствы, якія тварыліся рознымі сатрапамі на вайне, пра крадзеж і на тэатры ваенных дзеянняў, і ў тыле, пра цяжкі матэрыяльны стан салдатаў, прапоўную непадрыхтаванасць да вайны. Ганебныя ваенныя паражэнні самадзяржаўя прывялі да Портсмуцкага мірнага дагавору, які быў заключаны ў канцы жніўня 1905 г.  

   Словы Вольгі Віктараўны Андросавай, настаўніцы з суседняй школы, што не перамогі трэба жадаць Pаcіі, а поўнага паражэння, ашаломілі Лабановіча не менш, чым праўда пра цара, вычытаная ў нелегальнай брашуры, знойдзенай на ганку. На тлумачэнні Лабановіча, чаму яму так балюча абходзяць няўдачы Pаcіі на вайне, Вольга Віктараўна іранізуе і гаворыць, што ён «або фальшывы чалавек, або кепскі рэвалюцыянер». Слушна даводзіць ёй Лабановіч, што лепш быць кепскім рэвалюцыянерам, чым фальшывым чалавекам, бо фальшываму чалавеку стаць шчырым шмат цяжэй, чым кепскаму рэвалюцыянеру зрабіцца добрым. 

   Вольга Віктараўна даверылася Лабановічу, што ўвайшла ў адну рэвалюцыйную арганізацыю, і параіла яму звязацца з гэтай арганізацыяй. Лабановіч ужо быў падрыхтаваны да таго, каб успрыняць і прыняць тэзу, сфармуляваную Вольгай Віктараўнай: «Усё, што ёсць здаровага, чэснага, павінна выступіць на барацьбу з самадзяржаўем і весці яе арганізавана, бо рэальная сіла толькі і можа быць тады, калі будзе моцная арганізацыя».  

   Шчыры чалавек і пакуль што яшчэ кепскі рэвалюцыянер Лабановіч пазнаёміўся з рэвалюцыянерамі Пінска, выказаў на сходцы свой погляд на пашырэнне прапаганды сярод сялян праз вясковых настаўнікаў. Такі погляд знаходзіць тут шчырую падтрымку. На развітанне яму даюць лісткі і брашуркі, адрасы кватэр і запрашаюць надалей трымаць сувязь.  

   Дыханне рэвалюцыі і грозны размах адчуваецца ва ўсім. Паліцмайстар абвінаваціў нават рэакцыйна настроенага ляснічага Івана  

   Пракопавіча ў правядзенні агітацыі сярод сялян, чым выклікаў абурэнне ляснічага ўсім і ўсімі: бяздзейнасцю ўлад, уціскам рускага чалавека, тым, што «ўвесь друк у жыдоўскіх руках», бо «ім трэба разбурыць праваслаўную Русь, а рускіх людзей зрабіць шабастоямі». Кожны новы дзень прыносіць весткі, што рэвалюцыя расце і ўшыр і ўглыб. І важней за ўсё — бунты ў войсках і сялянскі рух. Захар Лемеш абураны. У яго галаве не месціцца, як гэта можна пайсці супраць начальства? Падаткаў не плацілі б, нядоімак не неслі б і навабранцаў не давалі б. Дык што ж тады было б? Некалькі дзён баставалі чыгуначнікі.  

   З прычыны таго, што паязды не хадзілі і газет не было, па паводзінах Захара Лемеша, ляснічага і пісара можна было меркаваць, як праходзіць рэвалюцыя. І настаў такі дзень, калі вясёлы голас ляснічага засмуціў Лабановіча: значыць, рэвалюцыя пайшла на спад, Аксён Каль знайшоў старыя планы, паводле якіх затокі, з-за якіх ён так многа судзіўся, значыліся на сялянскіх землях. Лабановіч раіць збіраць сход: «Выступаць трэба згодна і ўсім разам». 

   Ніколі не бачылі школьныя сцены такога мнагалюднага, бурлівага, неспакойнага сходу. Вякамі збіраная і тоеная крыўда, несправядлівасць і прыніжэнне цяпер усплываюць са дна сялянскай душы і злучаюць увесь натоўп у нешта адно, знітаванае адною воляю. Адвечная сялянская прага зямлі і волі цяпер выліваецца ў адным няўцямным ракатанні і ідзе нястрымным поступам, разбураючы ўсё на сваёй дарозе.  

   «Галаву адкруціць трыбухатаму чорту! Спаліць яго маёнтак разам з ім і ўсім яго насеннем!» — гудуць злосныя галасы. Лабановіч утаймоўвае бунт прапановай паслаць пану Скірмунту петыцыю, якая выклікала ў таго абразлівую Усмешку: «На роўную нагу са мной становяцца: грамадзяне пішуць да грамадзяніна!» Нарэшце ўсмешка знікае, вочы робяцца злым і. І пан Скірмунт закруціў машыну.  

   Вольга Віктараўна паведаміла Лабановічу, што ў Пінску пачаліся арышты, што арыштаваны члены падпольнай арганізацыі Глеб і Саламон. Яшчэ расказала, што па Пінску чуткі ходзяць, быццам школа Лабановіча — вогнішча рэвалюцыі, а сам настаўнік збіраецца з сялянамі руйнаваць нейкага пана Скірмунта. Школу і настаўніцкія справы Вольга Віктараўна закінула («Ну яе к чорту»), «збірала дарослых і чытала ім усялякую нелегальшчыну».  

   Скірмунт перадаў петыцыю пану маршалку. З прычыны гэтага была склікана цэлая нарада, на якой вырашаўся і лёс настаўніка. Паліцмайстар даводзіў, што ўмяшанне Лабановіча мае для іх і свой дадатны бок: гэтая петыцыя захавала ад разгрому пана Скірмунта.  

   Ляснічы наогул выказаў паліцмайстару такую думку: «Ды вы падзякуйце яму за гэтую петыцыю». І абурэнне супраць аўтара петыцыі знізілася.  

   А сяляне, не дачакаўшыся ад «грамадзяніна» адказу на сваю петыцыю, выйшлі пасля другога сходу на затокі і пачалі лавіць невадам рыбу. З-за сухіх высокіх чаротаў вылецела на конях чалавек трыццаць казакаў. Арыштаваных сялян і настаўніка вывелі на выган. Збегліся людзі, забілі ўвесь выган. Кінуўшы малаціць, прыбег і Аксён Каль і сказаў казакам: «Каб вы так храбра японцаў бралі ў палон, то былі б малайцы …а вы прыехалі сюды на бяззбройных мужыках адыгрывацца».  

   Момант — і афіцэр выхапіў шаблю, але далёка ўбок адляцела яна, выбітая з рук мужыцкім бічом. Яшчэ момант — гэты ж біч гладка прыстае да афіцэрскай фігуры. Кінуліся лавіць Аксёна, але ён знікае, як прывід. І ніхто не ведае, як усё здарылася. А хто і ведае, то маўчыць.  

   Натоўп разагналі. Некалькі чалавек падмялі коньмі. Арыштаваных сялян і настаўніка павялі на дарогу ў Пінск.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений