Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч) — Велікодная каробка

Цішка Гартны

Увага! Поўны змест

I

  У Чысты чацвер, калі Антось Ступа вярнуўся дамоў з падзённае работы ў Іцкі, у якога ён гарадзіў платы, двое дзетак яго, Сёмка і Прузя, спаткалі на вуліцы і, хапіўшы бацьку за полы, у адзін голас запыталі:
  — Татачка, родненькі, ці вы купіце мукі на пірагі і парасятка? Ужо ўсе сённека неслі з места і парасят, і муку, а наша мама нічога не купіла.
  Антось Ступа паглядзеў на бледных замурзаных дзетак, пагладзіў кожнага з іх і суцешна адказаў:
  — Купім і мы, мае вы блазноткі, і мукі, і парасятка. Справім каробку.
  Дзеткі задаволена папляскалі ў далоні, весела зарагаталі і ўперадзе бацькі пабеглі ў хату.
  — Мама, мамачка! — крычаў першы Сёмка, падбегшы да мацеры, якая ў сумным настроі сядзела каля мыцельнікавага акна, аб нечым думаючы.
  — Вось ідзе татка з Прузяю! Ён казаў нам, што і мы купім і мукі на пірагі, і парасятка. Папрасеце, мамачка, каб ён хутчэй гэта зрабіў.
  Маці — Юстына, бледная, шчупленькая маладзіца — раўнадушна паглядзела на дзетак, колькі хвілін памаўчала, даўшы Антосю прысесці ў запечку, пасля гняўліва вымавіла не то да яго, не то да дзяцей:
  — Плявузгае ліха ведае што. Дражніць дзяцей, на яго цураха. А грошы, бадай, не прынёс ад Іцкі, каб хаця хлеба купіць к святу, бо ўжо толькі акрайчык на стале… Няхай ужо людзі спраўляюць каробкі, а мы… пражывём святы і так… хаця б быў хлеб…
  Пакуль Юстына казала гэта, дзеткі дапытлівымі ўзрокамі вадзілі ад бацькі да мацеры і здзіўлена пераглядаліся паміж сабою. Калі ж маці замаўчала, Сёмка ўпінна праказаў:
  — А чаму ж ува ўсіх будзе каробка, а ў нас не?
  — А таму, што ўсе багацей ад нас: і свой хлеб маюць, і назараблялі яшчэ грошы з фурманамі, а твой бацька праз усю зімку і капейкі меднае не зарабіў… Бачыш, не рамеснік ён у нас, дый досціпу няма, непракідкі ні каліва, ні звання…
  Дзеці пераглянуліся паміж сабою, не ведаючы, што казаць.
  — Вучы дзяцей бацьку не ўважаць! — паднятым голасам выгукнуў Антось да жонкі. — Папрабуй ты зарабі… заробіш! Дзе ты тут заробіш? Пэўна, каб быў рамеснікам, та было б лепей, але што ж зрабіць, калі бацькі не навучылі. Упхнулі ў грабары змалку — і мушу цяпер зямлю капаць… Што ж, зімою не ўкапаеш… Гэта не языком мянціць… Вось добра, што да вясны працягнулі…
  Юстына, праслухаўшы гаспадара, замоўкла і адвярнулася ў акно: ёй паказалася, што яна дарэмна ўпікнула яго і на гэты раз. "Антось кажа праўду, што ён нявінен у нашым бяздольным жыцці. Пэўна, суджана ўжо так", — парашыла яна сама з сабою. І ёй стала ніякавата перад гаспадаром, што кожны раз у цяжкім адчаі яна вінаваціць яго за іх дрэннае становішча.
  Юстына паглядзела на Антося і, убачыўшы яго пакорліва маўклівую міну, папікнула сябе за сваю нецярплівасць перад ім. Разам у яе вынікла спагада да мужа і патрэба папрасіць выбачэння за рэзкі непуцёвы напад.
  — Ведаеш, Антось, я ж зусім не віню цябе. Мне так горна і цяжка на душы, што я мімаволі вазьму і пакрыўджу цябе, — як бы перапрашаючы, сказала Юстына. — Падумай сам, ці ж лёгка ўгаварыць дзяцей, не даўшы ім куска булкі на святы. Яны ж чакаюць Вялікадня як Бога, думаючы, што гэтак, як у людзей, угледзяць і сёе і тое… Ды з боку суседзяў ніякавата зусім: кажуць — "і на каробку не маюць".
  — Ну што ж, не маем, — адказаў Антось. — Тут не вялікая ганьба. Будзе заўтра час — будзем мець… А з дзецьмі — няпраўда, авось заўтра паспрабую расстарацца грошы, і купім мукі: мо сышчу ў Іцкі за сённяшні дзень, а то дапазычу ў Ермалая — і зладзім сёе-тое, хоць збольшага…
  Антось абярнуўся да дзетак, якія заспакоена слухалі бацькаўскую размову, прытуліўшыся каля прыпеку.
  — Нічога, малыя, я вам расстараюся к Вялікадню сяго-таго. Будзе і булка, будзе і парасяціна… Вось прасеце ў мацеры вячэраць ды лажэцеся спаць.
  Дзеці палезлі за стол, а Юстына завінулася каля печы.
 

II

  Назаўтра Антось Ступа зноў пайшоў у падзёншчыну да Іцкі. У яго з самага ранку, толькі што прачнуўшыся, склаўся гатовы план вызыску грошы к святам. У абед, разлічаў Антось, ён зойдзе да Іцкі і возьме плату за два праробленыя дні, а вечарам, ідучы дахаты, заскочыць да Ермалая пазычыць з рубель. Чамусьці Антось ні каліва не сумняваўся ў тым, што яго разлікі спраўдзяцца, і спакойна, нават з лёгкай бадзёрасцю справодзіў работу. За работаю зусім не прымеціў, як праскочыла паўдня. У абед Іцка падышоў да яго і запытаў:
  — Што-о, Антось, мусіць, ты сённека абедаць не пойдзеш?
  Антось выкарыстаў гэта, каб папрасіць у Іцкі грошы.
  — Пане Іцка, — абярнуўся ён да Іцкі. — Я ўжо сам хацеў ісці да вас прасіць грошы, а як вы падышлі ка мне, та тым лепей. Ведаеце, святы прыйшлі, а ў мяне яшчэ нічога не куплена. Вось, можа, будзеце ласкавы ды заплаціце мне за гэтыя два дні? Га?
  Іцка пагладзіў бараду, патрос галавою, ухмыліўшы вочы, і адказаў:
  — Не маю, браток. Хіба па святах ужо… Мне вось вінны людзі, ды таксама адказалі аддаць да свят… Ведаеш, у нас субота, а я без капейкі застаюся.
  Антось зусім быў азадачаны словамі Іцкі; ён не хацеў верыць, што той кажа сур’ёзна, і разам з гэтым дрыжаў ад нейкага не то сполаху, не то проста няёмкасці, што намалёваны ім з рання план трымаецца на валаску. Іцкава міна і тон у голасе, зусім спакойныя і бяспечныя, збівалі з панталыку Антося. "А ну ж Іцка на жарты гаворыць? Ці проста па сваёй натуры", — падумаў ён і яшчэ папрасіў у Іцкі:
  — А ўсё-ткі, пане Іцка, пашукайце, а мо і знойдзеце. Тут жа не так ужо многа. Не можа ж быць, каб вы былі без грошай. Вы не абышліся б і паўдня. Пашукайце, прашу вас, а то мне грозіць астацца на Вялікдзень з пустымі рукамі. Апроч вас, зусім нельга нідзе дастаць…
  Іцка зрабіў тыя ж самыя кіўкі і рухі, што і перш, і так жа спакойна адказаў:
  — Які ты, Антось, цудны! Або ж я не ведаю твайго становішча, ці што? Тут не ласка, а павіннасць: грошы табою зароблены, і я мушу табе іх аддаць; і аддам, толькі ўжо не сённека. Так выпала, ведаеш, што якраз няма.
  — То, можа, к вечару адшукаеце дзе? — запытаў Антось.
  — Дзе… Ужо шабас надыходзіць. Дзе там дастанеш? Няма, браце… Нават і не спадзявайся.
  — Няма? Ах, што ж я рабіцьму? — горна выказаў Антось, хапіўшыся аберуч за голаў. — То ж прыйдзецца на свята без хлеба астацца-а…
  — Як? Чаму? Няўжо ў цябе падышло да таго? Ці ты маеш лад? То будзе вельмі крыўдна, калі так. А хіба ж ты напавер не можаш дастаць? Зайдзі да Хрумы ці да Моталя і папрасі: яны павінны даць… Вось цяперака, у абед… Ужо вечарам адробіш… Трэба ж, вядома, к Вялікадню сёе-тое купіць, я ведаю па сабе…
  Антось нічога не адказаў, а моўчкі кінуў работу і пайшоў дахаты. Ідучы, ён пільна раздумваў над праваленым планам. На сэрцы яго было так непрыемна, нібы хто насыпаў на яго чэмеру. Не хацелася думаць аб ядзе, ды яна зусім была яму непатрэбна. "Куды там з ядою, калі вось святы на носе, а ў хаце ні капейкі грошай. Прыйдзеш дамоў, жонка зразу і стрэне пытаннем: — А як наконт грошай? — Што ёй адказваць будзе? Адлажыць на вечар? Ці ж паверыць Юстына? Ды і вечарам што я зраблю? Ермалай? Хто яго ведае… Мо яшчэ ў хаце не застану… Зайду хіба цяпер да яго", — разважаў Антось.
  Ужо ён падыходзіў да свае хаты, але вярнуўся назад, каб зайсці да Ермалая. У грудзях яго скрабло сумненне; тыя запэўненні, на якія ён мусіў пазычыць хоць два рублі ў Ермалая, паказаліся яму зусім слабымі, каб той паверыў. Праз гэта яму рабілася няёмка перад таварышам, якога, фактычна, ён ішоў ашукаць.
  Чым бліжэй Антось падыходзіў да Ермалая, тым нерашучай былі яго крокі і тым брыдчэй рабілася яму перад самім сабою. Але варочацца назад было яшчэ горай: выйдзе што, не выйдзе — трэба давесці да канца. Як-ніяк, ён ішоў пазычаць грошы не на што-кольвечы малаважнае ці брыдкае, а на жыццёвыя патрэбы. У змаганні за жыццё нельга заўсёды праехаць на чэснасці. Што ж, дзе можна схлусіць ці абмануць, каб выратавацца з цяжкага становішча, чаму не зрабіць гэтага? Тым болей гэта будзе дарована яму, бо на сваім вяку Антось яшчэ ніколі не карыстаўся хлусьбою.
  — А мо і не дойдзе да таго, — разважаў ён, увайшоўшы ў Ермалаеў двор. — Няўжо-такі Ермалай будзе распытваць ды ўпэўніцца, на што мне грошы? Або не паверыць? Не павінна таго быць, усё ж свой чалавек.
  Гэта самаразвага падвесяліла Антося, і ён цвёрдым крокам прайшоў у хату.
  У хаце Ермалая якраз абедалі. Невялічкая сям’я, з чатырох душ, сядзела наўкол стала, увіхаючыся над міскаю. Антось парушыў абед: усе адвярнуліся ад стала і паглядзелі на яго, крыху здзівіўшыся яго наведваннем.
  — Го-о, чагосьці заблудзіў, Антось? — пераняў Антося Ермалай.
  — Дзень добры… Так… заблудзіў… Бываюць выпадкі… і вось, пэўна, не дагадаецеся, чаго прыйшоў, — адказаў Антось, прысядаючы на лаве.
  — Кажы… — прамовіла жонка Ермалая.
  — Аж брыдка казаць, — замяўся Антось.
  — Нічога. Няма чаго цырымоніцца: можна будзе — выпаўнім, не — прабачыш, — разважыў Ермалай.
  — Я, ведаеце, — суцішаным голасам праказаў Антось, — зайшоў папрасіць, каб вы мне на які тыдзень грошай рублёў два пазычылі. Так прыперла, што нельга вылузацца. Спадзяваўся на Іцку, а той, гад, як назнарок не дае. Я, бач, раблю ў яго гэтыя дні, зарабіў усё, а вось не дае, гад. А прыперла, хоць ты гвалту крычы. Тады я і надумаў вас патрывожыць. Што вы скажаце на гэта?
  Ермалай, кончыўшы есці, падняўся з-за стала і падышоў к прыпечку, каб звярцець папяросу. Пры гэтым ён маўчаў, як бы раздумваючы над адказам Антосю.
  — Ведаеш, браце, — нарэшце сказаў Ермалай, звярцеўшы і прыпаліўшы папяросу, — хоць і няёмка, але прыходзіцца адказаць: няма. Сыскаў заўчора ў Азіка, што муку вазіў у Крыжы, і ўсё распусціў на свята. Ты ж павінен ведаць, што грошам у нашым становішчы ніякай меры няма. Тут каб тысячы — то разыдуцца, а то… прабачай, браце Антось…
  — А можа, як-колечы… — паспрабаваў Антось яшчэ папрасіць і зразу ж супыніўся, пачуўшы нейкую няёмкасць. — Так, ды яно ж вядома, адкуль тыя грошы. Я так, проста, сабе думаю, давай зайду на кожны выпадак… — паправіўся ён. — А няма — то што ж зробіш — трэба яшчэ дзе-кольвечы пашукаць. Бывайце здаровы…
  Антось выйшаў з хаты зусім расстроеным і прыгнечаным. З адказам Ермалая не аставалася больш нічога, як згадзіцца з думкаю кінуць далейшыя клопаты па адшуканню грошай і быць, як ёсць. Праўда, цяжка гэта перацярпець, але нічога не парадзіш.
  Каб не расстройваць жонкі, Антось рашыў не ісці абедаць, а вярнуўся на работу не абедаўшы.
 

III

  У красную суботу Антось быў дома: з прычыны шабасу Іцка адмовіў яму ў рабоце. Праз цэлы дзень, корпаючыся ў хаце пры сім пры
тым, Антось мусіў супакойваць дзяцей угаворамі, што ён яшчэ сумее для іх прыгатаваць каробку. Але чым бліжэй падыходзіў вечар, тым дзеткі рабіліся неспакойней і падазроней: яны ўсё нагальней лезлі да Антося і назойлівей вымагалі ў яго хутчэй дастаць мукі, яечак і купіць парася. Выбягаючы на вуліцу, яны бачылі, як другія дзеткі бегалі з яечкамі ды кавалачкамі свежых булак, а ў іх нічога гэтага не было. Забягалі Сёма і Прузя ў суседнія хаты і завідна сачылі, як там ішла клапатлівая падгатоўка да свят. Пакрыўджаныя, яны прыбягалі дамоў і плакалі, не бачачы гэтага нічога. Юстына, скрапіўшы сэрца, таксама маўчала праз увесь дзень, як бы сваім маўчаннем пасылала папрок Антосю. Антось адчуваў гэта і сазнаваў, што віна за труднае становішча ў вялікай долі падае на яго. І яму цяжка рабілася, што ён не можа згладзіць вострасці гэтага становішча. "А можа, я мала стараннасці прылажыў, каб дастаць грошай?" — правяраў ён сам сябе, не перастаючы вынаходзіць розныя іншыя спосабы.
  У цяжкіх супярэчках думак прайшоў дзень. Вечарам, разувераныя ў бацькавых абяцанках, дзеці ўлегліся спаць. Антось нерваваўся і непакоіўся   — З яго роздумаў нічога не выходзіла. Нарэшце яму зрабілася зусім невыносным сядзець у хаце, і ён на дзесятай гадзіне ўвечары выйшаў на двор.
  Зорная вясенняя ноч крыху асвяжыла яго. Ува ўсіх хатах свяціліся агеньчыкі. У паветры чуўся пах булак і мяса. Ён прысеў на сваёй прызбе і тутка, знябыўшыся, задрамаў. А палове дванаццатай ночы яго абудзіў звон да ўсяночнай. Антось хутка падняўся з прызбы і, не заходзячы ў хату, пайшоў у бок царквы.
  На вуліцы стала людна: мяшчане выходзілі з хат і з запаленымі свечкамі спяшылі на ўсяночную. З чужых вёсак ехалі фурманкі, везучы пасвячаць каробкі. Вакол чулася нейкая ўрачыстасць. Але на душы Антося было брыдка: ён ішоў на звон, пакінуўшы ўдому засмучаную жонку і пакрыўджаных дзетак. Уся ўрачыстасць была для яго не толькі чужою, а нават і варожай. Гэта адчуваў Антось з таго моманту, калі выяснілася, што яму надышоўшае свята прынесла многа дарэмных клопатаў і парушыла ўложаную хаду жыцця. Чуючы звон і бачачы святочны рух, ён даходзіў да злосці і праклінаў сваё жыццё і грамадзянскі лад. Антося дзівіла ўся заблытанасць і супярэчнасць яго, якая выглядала перад ім ва ўсёй сваёй прыкрасці. Вялікае свята для адных — другім цяжкая мука і клопат. Чаму яно так?
  Падышоўшы да варотцаў на цвінтар, Антось толькі зірнуў праз іх, што робіцца за парканам, і павярнуў назад. "Не пайду. Там не для мяне", — рашыў ён і прайшоў між паркана да паповага дзядзінца.
  За брамаю, пры плоце саду, стаяла некалькі фурманак. Распрэжаныя коні хрумсталі сена. Пры вазох — ні душы. У паповых пакоях, за дрэвамі, віднелася святло. Антось спыніўся ля брамы і прыгледзеўся на дзядзінец. Прыгледзеўся і раптам падумаў: "А што, каб прайсці на дзядзінец і ўзяць адну каробку з воза!" Гэта думка зразу паказалася і прывабнай і непрыемнай. Антось ажно засаромеўся яе і агледзеўся, каб ніхто не падслухаў яго намераў. Пасля адышоў крыху ўбок, к плоту.
  Непадалёчку прайшлі два чалавекі, мужчына і кабета. Антось прыгледзеўся і ўбачыў, што мужчына нёс у кошыку да пасвячэння.
  "У кошыку — мабыць, цяжка было сабраць на каробку! Пэўна, у гэтага ўзяць — ніколі", — падумаў Антось і скалануўся ўсім целам ад непрыемнага пачуцця… Не мог стаяць на адным месцы і прайшоў каля ганоў далей ад паповага двара.
 

IV

  Тым часам у царкве затрызвонілі. Разназычны гуд званоў выводзіў нейкі царкоўны перапеў, разносячы яго вакол у ціхім паветры.
  Да Антося даходзілі вясёлыя галасы дзяцей, якія гулялі на цвінтары, бегаючы вакол царквы з агеньчыкамі.
  Антося засвідравала думка аб сваіх дзецях. Ён пакінуў іх дома раздражненымі, рассерджанымі. А што яшчэ запяюць яны заўтра, калі прачнуцца і замест абяцанай каробкі знойдуць кавалачак чорствага чорнага хлеба? Антось дрыжаў ад жаласці да Сёмкі і Прузі, і жаданне пацешыць іх, павесяліць абурыла яго.
  "Я пайду і вазьму… пагляджу, хто багацей. Што яму значыцьме? А я столькі шчасця прынясу сям’і! Пайду і хутчэй жа зраблю. Пакуль там, у царкве, ісціме маленне, я тут усё абваражу і зраблю…"
  Раптам Антось адарваўся з месца і ўподбег кінуўся да папоўскага дзядзінца. Усё яго пачуццё сабралася ў адным намеры, вострым і рашучым, які цягнуў Антося саматугам.
  Каля брамы Антось спыніўся і яшчэ раз праверыў сябе: "А мо я іду насупроць усякім доказам? Чалавек патраціўся, з пачуццём радасці прыехаў на ўсяночную, прывёзшы з сабою каробку, а я раптам вазьму яе… Чалавек выйдзе з царквы, падыдзе к возу, каб унесці каробку на цвінтар, і не нойдзе. Падумаць адно, што зробіцца з ім? Усё нутро яго перавернецца, мігам згіне радасць, агорне смутак і помста, чорная, як смутак, на мяне.   Я заб’ю прасветласць і яшчэ больш растрывожу самога сябе".
  Але гэтыя думкі снавалі як бы самі сабою. Антосева істота захоплівалася другім: каробка стаяла ў яго ваччу, затуманьвала розум і нястрыманаю сілаю цягнула да сябе. Антось мімавольна правёў рукою па галу брамы, шукаючы клямкі. Не знайшоў. Яго разабрала, і ён з пяць колаў вывеў рукою на гладзі дошак. На шостым хапіўся халоднага жалеза, абмацаў і паціснуў: пачуўся стук. Антось адскочыў і хутка пайшоў да ўходу на цвінтар, перасек яго да выйсця ў папоў дзядзінец. Без затрымкі апынуўся на ім, сярод рахманых коней, якія паважна стаялі ля вазоў і, у чэсць Вялікадня, уміналі корм. Ад здавальнення фыркалі, тупалі нагамі, чапляючы аглоблі. Нейкі асабісты імпэт, змешаны пах пірагоў і парасяціны з смуродам конскага гною напаўняў папоўскі дзядзінец, разносячыся далёка за яго.
  Антось прыгледзеўся паміж вазоў і зрабіў некалькі крокаў убок. Хапіўся за біла і пастаяў.
  Потым яшчэ мінуў адзін воз і прысеў: яму здалося, што на трэцім возе хтось сядзіць. Упрысядкі дайшоў да брамы і адшукаў клямку. Думаў, што замок павешан, але яго не было. Значыць — засунута. Антось абмацаў засаўку і, затаіўшы дух, абедзвюма рукамі хапіўся за яе. Леваю прыціскаючы адзін канец засаўкі, праваю ён націскаў другі і без зыку адвёў. Пасля, згорбіўшыся, абышоў колькі падводаў, часта забываючы, для чаго ён да іх падходзіць, і нарэшце спыніўся ля брычкі, якая стаяла ў самым кутку, між сцяною паповай хаты і плотам. У перадку брычкі тарчала вялікая паўвасьміна, з коптурам напікаваная пірагамі і іншай ежай, прывезенай да царквы не так для пасвячэння, як напаказ. Паўвасьміна была абкрыта белаю сурвэтаю — Антось пазнаў, дакрануўшыся.
  Дакрануўся і не знайшоў сілы адняць рукі — нібы прыляпілася яна да каробкі. "Гэтую, гэтую, гэтую!" — як стук малатка па касе, калі яе адбівае касец, прастукала думка ў Антосевым нутры, і ён з неапісанай паспешнасцю замітусіўся каля каробкі. Ступіў на калодку каляса — і саскаўзнуўся. Некалькі раз стукнуў паўвасьмінаю аб руб брычкі — але не заўважыў, а плішчыў, каб паставіць на біла.
  Нарэшце панатужыўся як мага і, штосьці зламаўшы, выцягнуў.
  Паставіў якраз, каб узяць на плечы, і ўжо намерыўся стаць, як раптам зазванілі на абхаджэнне. Антосю пачулася, нібы хтось стукнуў ззаду ў пасудзіну, і ў яго ад спугу аслабелі рукі; выскаўзнутая каробка папала на калясо і зрабіла рэзкі трэск.
  Конь ірвануўся ўбок, пацягнуўшы брычку і стукнуўшы ёю ў плот. Гучны стук разнёсся па дзядзінцы і аддаўся рэхам за цвінтаром.
  Антось адскочыў убок і перш памкнуўся бегчы, але раптам перадумаў і прытаіўся на месцы.
  — Каб ты згарэла! Як назнарок! — вылаяўся ён у дзікім адчаі і праз хвіліну зноў хапіўся за каробку.
  У гэты момант зусім недалёчка пачуўся лопат бегатні і зычны вокрык:
  — Хто-о там? Сто-ой! Стой!
  Антось адскочыў ад каробкі і, зачапіўшыся за аглоблю, грузна паваліўся на зямлю.

1918

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений