Цудоўная пара

Пераказы і дыктанты

  Вясна пераходзіла ў лета. Цудоўная пара! Яшчэ не даймае гарачыня і не пацямнела, не запылілася зеляніна. Куды ні пайдзі – усюды кветкі. Адно толькі што адцвіло, а другое цвіце, п’яніць сваім пахам, чаруе колерам; ды і трэцяе збіраецца зацвісці. Вечарамі, ціхімі і празрыстымі, гаркава патыхае лістотай. Лёгка на душы, вольна. І так хочацца абняць увесь гэты прастор, увабраць у душу прыгажосць зямлі, каб потым, увосень і зімой, піць з крыніц памяці гэты водар, гэты бальзам, як п’ём чай, завараны на зёлках лугоў і палёў.
 Віталь ішоў лясной дарогай і збіваў палачкай з леташняй травы яшчэ не з’едзеную сонцам расу. З аднаго боку стаяў перамешаны з асінамі малады сасняк, а з другога – такі ж малады, густы бярэзнічак. Лісце на дрэвах было ярка-зялёнае, яшчэ пяшчотнае, клейкае, і пахла яно прыемнай гаркавасцю. Урачыста выглядалі дзяўчаты-бярозкі і клёны-падлеткі ўсцяж дарогі. Празрыста-блакітнае паветра, лёгкае і духмянае, здавалася, калыхалася ад птушынага спеву. На душы – спакой і раўнавага.
(153 словы)

Паводле А. Цяжкага.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений