Цётка — Мора

Цётка (Алаіза Пашкевіч)
(Рэвалюцыя народная)

Не такое цяпер мора,

Не такі у хвалях шум:

Цяпер бурна, страшна мора!

Хваля поўна дзікіх дум.

 

Мора вуглем цяпер стала,

Мора з дна цяпер гарыць,

Мора скалы пазрывала,

Мора хоча горы змыць.

 

Мора злуе, крэпнуць хвілі,

З дзікім шумам бераг рвуць;

Гром грыміць за вёрсты-мілі,

З мора брызгі ў неба б’юць.

 

Месцам хваля стогнам рыкне,

Месцам плач сарвецца з губ,

Месцам бераг болем ікне,

Гром грыміць у тысяч труб.

 

Мора зброіцца палкамі,

Шум русалак разбудзіў,

Запаліўся смок агнямі,

Неба чорны гнеў пакрыў.

 

Бог сярчае: злая бура

Псуе вельмі святы сон.

Б’ецца, рвецца ўся натура,

Аж дрыжыць нябесны трон.

 

Трон дрыжыць, не спяць прарокі,

Бог склікае святы сход;

А там радзяць, што аблокі

Мусяць штурм пусціць у ход.

 

Бой пачаўся. Войска бога

Залпам паліць ў горды хвіль…

Мільён згіне, — нова змога

Расце крэпка праз сто міль.

 

Растуць сілы мора злога,

У размаху відзен гарт;

Не адступяць войскі бога…

Бой пачаўся не на жарт.

 

Такі бой вякамі жджэцца,

Такі бой гігантаў дасць,

Ў такім баю толькі грэцца,

Ў такім баю толькі пасць.

 
Сказать спасибо
( 3 оценки, среднее 2.33 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений