Не плач, матуля,
Не сярдуй, татуль,
Што забілі Вінцуля,
Што не прыйдзе адтуль,
Што чырвоны штандар
Прад народам ён нёс,
Што крычаў: "Гасудар,
Ці наеўся ты слёз?
Ці напіўся крыві,
Ці накрыўдзіўся нас?
Мы з штандарам прыйшлі:
Расплаціцца ўжо час.
Штык далоў! шаблю вон!
Не страляй ў нас, салдат!
Ад прысягі Гапон
Аджагнаў цябе, брат!"
А тут "плі!" закрычаў
Капітан у сядле,
I салдат задрыжаў
I даў залп у агне.
Пахіснуўся Вінцуль,
Штандар цісне ў руках.
Тут падскочыў патруль
I падняў на штыках.
Калі брызне з грудзей
Кроў гарача цурком,
Як крапідлам, людзей
Ахрысціла кругом.
Вінцуля на рукох
На магілкі нясуць,
А труна у вянкох,
I ў працэсі ідуць
I жабрак, і салдат,
I раз’еўшыйся пан,
I шавец-небарак;
I сам той капітан
Чалом б’е ўслед труне, –
Вочы поўныя слёз,
Праклінае сябе,
На сябе не пахож:
"Я забіў, я праліў
Пралетарскую кроў,
Я душу загубіў,
Заплаціць я гатоў".
Капітан ашалеў
I атруты узяў.
А народ асілеў –
Штандар ўгору падняў
I нясе, і пяе,
І мільёны вядзе,
На варога-цара
Крэпку руку нясе.
Не прапаў наш Вінцуль:
Ён жыве сярод нас.
Павярнуўся патруль,
Прылучыўся у час.
I салдат не такі,
Як тады к нам страляў,
Капітан не жывы, –
То б яго не пазнаў.
Неслухмяны салдат
Афіцэру гіркне:
"Я народу сын, брат!",
Ў дэманстрацы ідзе.
На прыказ падаць залп
У чырвоны штандар –
Выстрал пусціць на жарт
У аблокаў алтар.
А народ і пяе,
Пад штандарам ідзе,
На варога-цара
Крэпку руку нясе.
Нясе доўг у грудзёх
Для тыранаў, цара
I прыказ у вачох:
"Цару згінуць пара!"
Верш «Пад штандарам» па жанру вызначаецца як гераічная балада. Дзеючая асоба яе — Вінцуль, які нёс чырвоны штандар наперадзе паўстаўшай грамады і быў забіты ў час дэманстрацыі салдатамі па загаду капітана. Смерць Вінцуля становіць на шлях змагання тысячы людзей, бо яго кроў успрымаецца як ахвяра, што, «як крапідлам, людзей ахрысціла кругом». У духу народнай балады з выкарыстаннем хрысціянскай сімволікі Цётка прасочвае і лёс забойцы-капітана, які, перажываючы і праклінаючы здарэнне («Я забіў, я праліў // Пралетарскую кроў, // Я душу загубіў, // Заплаціць я гатоў»), канчае жыццё самагубствам.
У цэлым жа па ідэйнай накіраванасці верш прасякнуты пафасам адмаўлення самадзяржаўя, як самай злачыннай сілы, якая трымае народы ў няволі.