Цётка — Пералётныя птушкі

Цётка (Алаіза Пашкевіч)

Чаму птушкі адлятаюць

  Тыя птушкі, якія мусяць жыць вясну і лета ў адным краі, а восень або толькі часць восені і зіму ў другім краі, называюцца пералётнымі.
 Птушкі на халодныя час пералятаюць у цёплы край, бо яны блізка што ўсе жывяцца рабакамі, кузюркамі, жучкамі і т. п., а ўсе гэтыя страшэнныя ворагі нашых дрэў і раслін на зіму гінуць, дык птушкам не было б чым жывіцца.
 Каб мог здарыцца такі год, што птушкам дзеля якой прычыны нельга было б вярнуцца да нас, якім жа страшным, глухім і спустошаным праз гэта стаўся б наш край: замест мілага шчэбету, замест песняў звонкіх толькі голыя веткі і галіны шапацелі б, замест багатых рознакалёрных ніў – поле ляжала б, як чорны папар, і т. д., бо ўсё багацце нашага краю зніштожылі б, аб’елі б жукі, рабакі, мошкі.
 

Працавітасць птушак

  Для кожнае птушкі дзень кароткі, а ноч даўгая; бо хоць, праўду кажучы, паміж птушак мужоў-лежабокаў няма, а жонак-пстрыкух не чутно, але затое падумаць толькі, колькі-то працы чакае іх: папрабуй толькі спраўляць святы ды прысвяткі, дык і з голаду змарнееш і сямейкі не выгадуеш.
 Перш-наперш трэба выбраць месца на гняздо, а з гэтым клопат не малы: прыходзіцца ўважаць, каб і ад дажджу і ад ветру было зацішней, ды і розным ворагам сваім, як каршунам, катам і іншым, прыступ быў як найтруднейшы.
 З самай будовы гнязда найчасцей работа дзеліцца папалам: самец дастаўляе матэрыял – валаскі, ніткі, лісточкі, пёркі, гліну і т. п., а самка будуе. Як толькі гатова гняздо, самка садзіцца, а самцу прыходзіцца яе падкармліваць, іншым разам нават падмяняць, а свабаднейшым часам развесяліць сядуху песнямі.
 Але вось у скорасці паказваюцца і дзеткі; у іншым гнёздачку іх кішма-кішыць – накармі такую грамаду з дзюбкі дробненькімі рабачкамі, кузюркамі. Вось тут-та і пойдзе чыстка ўсяго паскудства па садах, дрэвах, кустах, палях. Дзе птушкі і іх гнёздачкі ў пашане, там, як бач, звядуць яны ворагаў нашага добра.
 А трэба ведаць, што нашы птушкі вельмі ахайныя грамадзяне, дык і каля сябе і мала-то заходу? Штодня прыходзіцца выкупацца ў пясочку, у вадзе, кожнае пёрачка на сабе вычысціць, выгладзіць; гняздо колькі разоў у дзень вымесці, гэта не то, што ў нас – людзей: часам на тры дні ледзь хата крыху венікам пралысіцца!
 

Як птушкі адлятаюць

  У другой палавіне лета птушкі пачынаюць ужо прыгатаўляцца да адлёту: маладыя збіраюцца ў грамадкі і пад камандай старшых вучацца высока лятаць.
 Старыя птушкі ліняюць, каб перамяніць старыя пёркі на новыя – крапчэйшыя. Дзеля гэтага птушкі лясныя хаваюцца ў гушчары лясоў, вадзяныя адплываюць на глыбейшыя воды, каб вораг быў не такі страшны ў часе, калі ў птушак скрыдлы змяняюць пёркі.
 Пад час ліняння птушкі вядуць сябе ціха, не пяюць, не пераклікаюцца, затым-то ў канец лета мала чуваць песняў птушыных.
 Кожны гатунак птушак мае ўстаноўлены час, немаль нават дзень, каторы не мяняецца блізка што дзесяткі гадоў, для адлёту і прылёту, хіба якое няшчасце птушку затрымае ў дарозе.
 Як толькі пачне восень блізіцца, птушкі пачынаюць збірацца да адлёту. Ведама, што не ўсе адразу: тыя птушкі, што найраней прылятаюць, яны і найпазней ад нас адлятаюць, бо могуць яшчэ мець тут пажыву.
 Мус пералятаць на зіму ў іншы край увайшоў ужо ў натуру, так сказаць, у кроў птушак. Як толькі падыходзіць час пералёту, птушкі робяцца неспакойнымі: нават тыя, што асвоены, пачынаюць у клетках таўчыся аб сценкі, крычаць. Хатнія качкі і гусі падлятаюць у паветра, гагочуць, квакаюць. Дык што гаварыць аб тых птушках, каторым і напраўду трэба ляцець за колькі міляў! Тады птушкі пачынаюць збірацца ў стадкі, грамадкі, стараюцца лётаць як найвышэй, бо ў высаце і ворагаў менш, і дарога лепш, і на дальшую мэту відаць.
 Адлятаюць найраней маладыя птушкі, бо яны не ліняюць, з імі збіраюцца ў дарогу ўдаўцы, кавалеры – птушкі, каторым дзеля якой-колечы прычыны не ўдалося выгадаваць сваёй сямейкі. Пасля выбіраюцца ў дарогу самцы старыя, пасля самкі і ўжо наканец тыя, каторых затрымалі малыя дзеткі. Часам чакае такая матка, чакае сваіх дзетак, каб на скрылачкі ўзняліся, і не дачакаецца, і з болем сэрца ідзе сама на вырай.
 Увосень птушкі павальней пералятаюць; вясной – барзджэй; вясной – наадварот–найраней прылятаюць самцы абгледзець месцы на гнёзды, за імі самкі, пасля ўжо маладыя, хворыя, калекі, раненыя; не мяркуючы, як салдаты пасля вайны.
 Па праўдзе кажучы, для птушак пералёт і ёсць страшэнная вайна, пасля каторай толькі невялічкая частка застаецца і то найсільнейшых птушак. Дзеля таго перад адлётам адбываюцца пробы лятання ў птушак.
 Нат можа хто бачыў увосень буслаў, як, сабраўшыся ў кампанію, лётаюць, клякочуць, радзяцца, часам слабых і калекаў забіваюць, каб не былі, пэўна, замінішчам у дарозе.
 Птушкі, як і чалавек, імаюць сваю мову: інакш птушка зюкае, цвіркае ў гняздзе да дзетак, інакш адзываецца да суседак-птушак, іншым зноў голасам сварыцца, іншым заклікае. Напрыклад, часам вялікія птушкі на балотах рыкам сваім асцерагаюць малых перад якой напасцяй. Кажуць, дразда птушкі лічаць за вельмі ацярожнага, дык яго трывожны голас паднімае ўсю браццю лясную. З гэтага відно, што пры адлёце птушкі могуць згаварыцца. Летучы, адны птушкі, не перастаючы, крычаць, як жоравы ды гусі, а другія зноў пераклікаюцца, прымерам жаваранкі. Хто іх знае, ці яны крычаць, каб заахвоціць і дадаць сілы, адвагі таварышам баязлівым, ці склікаюць адстаўшыя птушкі.
 Ляцяць птушкі розна: жоравы – ключам; гусі – наўскос радком; качкі – папярочнымі роўнымі радамі; салаўі– стадкам, а сломкі і зязюлькі дык ляцяць адзінокімі. Сломкі хоць на стаянках-адпачынках або ў няшчасці, калі вораг нападзе або бура надойдзе, лучацца з сваёй браццяй – птушкамі, а зязюлька ніколі ні з кім кумпанства не вядзе. У стаях, стадках, сямейках пры пералёце наперад выбіраюцца птушкі найлепшыя, найсільнейшыя, бо першым птушкам прыходзіцца разгортваць скрыдламі паветра, затым ім і найцяжэй ляцець. Змучаных пярэдніх птушак падмяняюць зараз за імі ляцячыя; а пярэднія змучаныя пасля ляцяць для адпачынку апошнімі.
 У няшчасці,– як бура або калі драпежнікі нападуць, тады птушкі нават розных гатункаў лучацца ў адну грамаду і лятуць праз нейкі час разам, але як усё ўспакоіцца, то кожны адлятае ў свой бок, на сваю дарожку.
 Непрыяцеляў жа птушкі маюць вельмі шмат, бо зараз за імі следам ляцяць розныя драпежнікі: каршуны, сокалы, злучыўшыся ў стады па шэсцьдзесят, семдзесят штук. Розныя зверы востраць свае зубы на змучаных птушак, калі тыя прысядаюць для адпачынку або для жыру.
 

Птушыныя шляхі

  Птушкі, як людзі, маюць сваю дарогу, па каторай лятуць з года ў год. З птушкамі таксама як з людзьмі бывае, што саб’юцца з дарогі, калі туман залішне заляжа або як сільная бура ўзнімецца.
 Бура часам сільныімі ветрамі на колькі сотак вёрстаў адкідае птушак ад іх дарог, дык не раз бывае, што якога-колечы нязнанага гатунку птушкі паяўляюцца ў якой старане першы раз; прабудуць яны там лета або зіму і адлятаюць назаўсёды. Гэта значыцца, што такую птушку бура збіла з дарогі, і назад позна ўжо было варочацца.
 Вецер для птушак шмат памагае, калі спрыяючы; найлепшы вецер такі, каторы дзьме збоку наўскос; вецер жа спераду ўтрудняе лёт, бо трэба яго перасякаць скрыдламі, а вецер, ззаду дуючы,– надта развявае пёркі і студзіць цела.
 Дарогамі птушкам служаць рэкі і моры, берагі морскія, горы, возеры, лясы. Птушкі маюць вельмі добрую памяць і вочы. Разумеецца, узняўшыся высока, яны бачаць аграмадны абшар, дзе якая рэчка бяжыць, якія дзе горы стаяць. Напрыклад, летучы праз мора, птушкі вокам як бы праводзяць у думках мост у найвузейшым мейсцы мора і дзе ёсць найбольш востраваў, на каторыя можна спусціцца, бо ніводная птушка больш, як чатырыста міль не пераляціць над морам без адпачынку. Страшэнна трэба птушцы абраховывацца з сіламі, каб пераляцець соткі міль без перадышкі.
 Аднак кожны год вельмі шмат птушак гіне, пералятаючы над морам; узняўшаяся бура топіць іх тысячамі, шмат каторай птушцы нестае сілы, забаляць скрыдлы і амэн – падае ў воду. Параходы пералятаючыя птушкі часам хмарамі абсядаюць.
 Аднаго разу між іншымі птушкамі і салавейка ўпаў на спячага марака і ўсеўся на ім адпачыць; марак, абудзіўшыся, накарміў птушачку, прыгарнуў. Салавейка асвоіўся і некалькі дзён ехаў на параходзе, але, адпачыўшы, спасцярог, што параход не ў тую старану ідзе, куды салавейку трэба, дык узняўся і паляцеў. А ці даляцеў да свае мэты – хто знае?
 Дзіўна, якім спосабам такая ластаўка, пераляцеўшы дзесяць тысячаў міль праз розныя краі, трапляе проста да свайго такрочнага гнязда пад страхой свіроначку ў нашай вёсцы!
 Некаторыя птушкі ляцяць паволі, часта затрымваюцца адпачыць і пажыраваць. Але ёсць такія, што за адзін дзень або ноч пералятаюць некалькі сотак, а то і тысячаў вёрст. Калі б так глянуць з вышыні птушынага лёту ў той час, як птушкі ляцяць або варочаюцца з выраю, то чалавек, убачыўшы, як управа, улева, наперад, назад ляцяць птушкі, як яны злятаюцца разам, то зноў разлятаюцца,– гатоў падумаць, што без толку гэта ўсё робіцца. Ото ж не! Ёсць там і лад, і парадак, устаноўлены вякамі, бо кожны гатунак птушак мае сваю дарогу, устаноўленую прапрадзедамі-птушкамі; адны – над рознымі вадамі скарочываюць сабе дарогу, а другія аблятаюць, накладаюць дарогі. Найважнейшымі, аднак, дарогамі бываюць рэкі: імі карыстаюць не толькі вадзяныя птушкі, але і большая часць лясных і інш.
 Самыя важныя пералёты ў Еўропе: даліна Пячоры, Паўночная і Палудзённая Дзвіна і Анега – яны вядуць да Волгі, Дона і Дняпра; над гэтымі рэкамі-дарогамі ўсе лясныя птушкі ляцяць да Чорнага і Каспійскага мароў; пасля па іх узбярэжжах – у Малую Азію, Персію, Егіпет.
 Другая важная дарога: рэкі Вісла, Одэр, Эльба, Рэйн і Дунай, пасля – Турцыя, Грэцыя і праз Серадземнае мора – у Афрыку.
 

Шыбкасць лёту

  Не ўсе птушкі роўна лётаюць і не ўсе на аднолькавую даль. Напрыклад, птушкі з шырокімі скрыдлачкамі лётаюць слаба, і дзеля таго яны адлятаюць не так далёка. Птушкі ж з скрыдламі доўгімі, вострымі, як ластаўкі, сокалы, свіргулі – могуць лётаць шыбчэй і адлятаюць далей.
 Аднак, калі агулам браць шыбкасць птушынага лёту, то пабачымо, што кожная птушка ляціць шыбчэй усякага найскарэйшага парахода, усякай быстрагоннай машыны. Свой пералёт птушкі адбываюць праз некалькі гадзін, а найдаўжэй праз некалькі дзён.
 Такі чорнагаловы сявец, што вядзецца ў еўрапейскіх і азіяцкіх тундрах, калі вылеціць а сёмай гадзіне вечара, то назаўтра а пятай зрання ўжо ён у Афрыцы – за дзве тысячы ад свайго ўчарашняга мейсца жыцця. Проста дзіва і ажно зайздрасць бярэ чалавека, калі падумаць, якую сілу мае птушка ў сваіх скрыдлах: учора пела яна ў халоднай сумнай краіне, пад бледным, далёка свецячым сонейкам, дзе хіба маленькі зайчык слухаў яе, а сягоння можа ўжо адпачыць на клапцястай пальме, побач высокіх гор, дзе ў далінцы, у гарачым пяску стада вярблюдаў выграваецца.
 Вельмі далёкі вырай маюць ластаўкі: ад сямі тысяч да дзесяці тысяч міль.
 Далёкі – зязюлька, драч – ад тысячы да сямі тысяч міль.
 Сярэдні вырай маюць жораў, дрозд – ад трох тысяч да пяці тысяч міль.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений